Хадайніцтвы Аляксандра Казуліна і ягоных абаронцаў пра выдачу судом Маскоўскага раёну Менску ксэракопіі пратаколу судовага паседжаньня па крымінальнай справе супраць Казуліна, а таксама відэазапісаў з далучаных да справы відэакасэтаў не задаволеныя.
У адказах на гэтыя хадайніцтвы, якія падпісала намесьніца старшыні суду Т.Унукевіч без матывіроўкі проста пазначана, што «падставаў для іх выдачы няма».
Такім чынам, Аляксандар Казулін і адвакаты не атрымаюць копій відэазапісаў. Таксама ім прапанавана перапісваць пратакол, які налічвае больш за паўтары сотні старонак спорнага машынапіснага тэксту.
Казулін заявіў, што перапіша ад рукі «літара ў літару ўвесь пратакол » і запатрабуе заверыць, што рукапісная копія правільная.
Казулін адзначыў, што «гэтая сярэднявечная праца ў век тэхнічнага прагрэсу» зойме пэўны час. На гэтым тыдні з пратаколам для падачы на яго заўваг азнаёміцца адвакат экс-кандыдата на прэзыдэнта І.Рынкевіч, а на наступным тыдні пачне знаёміцца з пратаколам Аляксандар Казулін.
Паводле kozylin.com