Кампанія Dell, найбуйнейшы вытворца пэрсанальных камп’ютэраў у сьвеце, адклікае больш за 4 мільёны батарэй для ноўтбукаў. Вядома, што батарэі пэўнай мадэлі, выпушчаныя фірмай Sony, могуць загарэцца.

Амэрыканская камісія па гарантаваньні бясьпекі спажывецкіх прадуктаў заявіла, што гэта – найбуйнейшае адкліканьне электратавараў за ўсю гісторыю яе існаваньня.

Большасьць ноўтбукаў, на якіх былі ўсталяваныя батарэі, былі прададзеныя ў ЗША, але каля мільёна такіх кампутараў знаходзяцца па-за межамі ЗША. Батарэі такога тыпу знаходзяцца на мадэлях Latitude, Inspiron, XTS і Precision workstation.

Ноўтбукі былі прададзеныя ў прамежак часу паміж красавіком 2004 і ліпенем 2006 г. Кампаніі вядома пра шэсьць выпадкаў самаўзгараньня батарэй ад перагрэву. Усе яны зафіксаваныя пасьля сьнежня 2005 г.

На асобным сайце кампанія тлумачыць, як вызначыць, ці ўсталявана на вашым кампутары батарэя такога тыпу.

Камісія па бясьпецы спажывецкіх прадуктаў паведамляе, што ўсяго ёй вядома пра 339 выпадкаў узгараньня літыевых батарэй любога тыпу – для кампутараў і мабільных тэлефонаў.

Для Dell гэта ўжо ня першае адкліканьне батарэй: у сьнежні 2005 г. былі адкліканыя 22 тысячы, а ў 2001 г. - 284 тысячы. Спэцыялісты не выключаюць, што разам зь іншымі праблемамі (па пазасудовым пагадненьні ў мінулым годзе кампанія заплаціла 338 млн. даляраў за рамонт няспраўных кампутараў) гэтае масавае адкліканьне можа прывесьці да падзеньня продажаў лэптопаў.

Прадстаўнікі Dell і Sony заявілі, што выдаткі па замене батарэй будуць падзеленыя, але колькі гэта будзе каштаваць, пакуль невядома.

BBC

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0