Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў 16—18 снежня наведае Іспанію і Аўстрыю.

Як паведамляе прэс‑служба МЗС, 16 снежня адбудуцца перамовы Мартынава з іспанскім калегам Мігелем Марацінасам, а таксама сустрэча з прадстаўнікамі дзелавых колаў у Канфедэрацыі іспанскіх прадпрымальніцкіх арганізацый.

17 і 18 снежня кіраўнік МЗС Беларусі будзе знаходзіцца ў Аўстрыі, дзе правядзе перамовы з федэральным міністрам па еўрапейскіх і міжнародных справах Міхаэлем Шпіндэлегерам, віцэ‑канцлерам — федэральным міністрам фінансаў Йозэфам Пролем, старшынёй Палаты эканомікі Аўстрыі Крыстафам Ляйтлем, прадстаўнікамі банкаўскіх колаў.

Паводле інфармацыі МЗС, падчас сустрэч і перамоў будзе разгледжана «шырокае кола актуальных пытанняў двухбаковых беларуска‑іспанскіх і беларуска‑аўстрыйскіх адносін, а таксама тэматыка ўзаемадзеяння Беларусі з ЕС і іншымі еўрапейскімі арганізацыямі». З прадстаўнікамі дзелавых колаў Іспаніі і Аўстрыі плануецца абмеркаваць магчымасці і перспектывы нарошчвання гандлёва‑эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?