У Мінску абвяргаюць апублікаваную 15 снежня інфармацыю газеты «Гардыян» (Вялікабрытанія) аб тым, што адпраўным пунктам затрыманага ў Тайландзе з нелегальным грузам зброі Іл‑76 была Беларусь.

«Гэта зноў выдумкі, якія ўзніклі толькі таму, што адзін з членаў экіпажа грамадзянін Беларусі», — заявіў БелаПАН прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна‑прамысловага камітэта.

Адказваючы на пытанне, ці магла з Беларусі нелегальна вывозіцца зброя, суразмоўца агенцтва падкрэсліў:

«Ніколі такога быць не можа. Немагчымы няўлічаны вываз зброі з краіны. У нас самая жорсткая сістэма экспартнага кантролю зброі ў Еўропе.

Ніколі нідзе мы не пастаўлялі зброю, парушаючы абавязацельствы перад ААН».

Трэба адзначыць, што ў прэс‑службе Рады бяспекі Беларусі адмовіліся ад якіх‑небудзь каментараў наконт інфармацыі, распаўсюджанай «Гардыян».

Як раней паведамлялася, самалёт Іл‑76 (бартавы нумар 4L‑AWA), зарэгістраваны ў Грузіі, амаль з 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зенітна‑ракетнымі комплексамі, быў затрыманы 12 снежня ў Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі. Затрыманы пяць членаў экіпажа — чатыры грамадзяніны Казахстана і грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў 1955 года нараджэння, які працаваў бортінжынерам.

14 снежня крымінальны суд Бангкока пастанавіў узяць пад варту экіпаж самалёта і прадоўжыў тэрмін яго затрымання на 12 дзён.

Экіпажу прад’яўлена абвінавачанне ў нелегальнай транспарціроўцы зброі і даванні лжывай інфармацыі ўладам Тайланда аб характары грузу. Згодна з тайскімі законамі, лётчыкам пагражае пажыццёвы турэмны тэрмін. Члены экіпажа сцвярджаюць, што не ведалі аб характары грузу. Паводле іх слоў, яны перавозілі абсталяванне для бурэння нафтавых свідравін.

Расследаванне гэтай справы можа працягнуцца некалькі месяцаў ці яшчэ больш, паведаміў прадстаўнік праваахоўных органаў Тайланда. «Гэта справа можа быць вельмі доўгай.

Занадта заблытаная пакуль карціна: самалёт зарэгістраваны ў Грузіі, але нядаўна. У яго казахстанскі гаспадар. Фрахтавала самалёт украінская фірма, якая з’яўляецца філіялам новазеландскай фірмы, а з кім звязана тая — пакуль незразумела.

У суправаджальных дакументах на груз, нават у авіянакладной, атрымальнік грузу наогул не названы. Дазволы на пралёт тэрыторый розных краін у самалёта былі на ўвесь зваротны шлях праз Шры‑Ланку і ААЭ да Украіны, і зброя магла быць выгружана ў любым пункце маршруту», — паведаміў на ўмовах ананімнасці супрацоўнік тайскага ўпраўлення па барацьбе са злачыннасцю, які непасрэдна ўдзельнічае ў расследаванні.

Ён таксама паведаміў, што ў палётным плане самалёта фігуруе адзін з невялікіх аэрапортаў у ААЭ, размешчаны ў непасрэднай блізкасці з грузавым марскім портам, на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны. «Тыя эксперты, з якімі мы паспелі пакуль звязацца, гавораць, што калі груз прызначаўся менавіта для гэтага аэрапорта, ён мог быць адразу ж перагружаны на грузавое судна, і тады сляды яго згубіліся б канчаткова», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?