Штомесячнай платы за арэнду 5 мільёнаў рублёў ТБШ не пацягнула. Знік легендарны асяродак беларушчыны.
Кіраўніцтва мясцовага Таварыства беларускай школы больш не можа аплочваць арэнду памяшкання. Плошча офіса ТБШ — амаль 90 кв м. Штомесячная плата за арэнду разам з падаткам на дададзеную вартасць, камунальнымі выплатамі і паслугамі сувязі складае больш за 5 мільёнаў рублёў.
Паводле словаў старшыні Таварыства беларускай школы Таццяны Канопкінай, грамадскае аб’яднанне не ў стане надалей выдаткоўваць такую вялізную суму толькі на ўтрыманне офіса.
«Мы зменім пакой, але юрыдычны адрас захаваем, — расказала НН Таццяна Канопкіна. — Змена месца знаходжання адмоўна не паўплывае на нашу дзейнасць. Мы будзем працягваць ладзіць культурніцкія вечарыны для гарадзенцаў».
ТБШ арандавала офіс ва унітарнага прадпрыемства «Форт». Паводле Т. Канопкінай, усе спробы дамовіцца з уласнікам УП аб зніжэнні цэнаў станоўчых вынікаў не прынеслі.
У дадзеным памяшканні гродзенскае аддзяленне ТБШ ладзіла культурна‑асветніцкія мерапрыемствы з 2003 года.
«Імпрэза адбудзецца па адрасе Будзённага
Перад тым 7 гадоў, аж да свайго закрыцця, тут месцілася «Ратуша». Па словах Аляксандра Мілінкевіча, які ачольваў грамадскае аб’яднанне ў сярэдзіне90-х , гэта было сімвалічнае месца.
У гэтых сценах прайшлі ўстаноўчыя сходы рэгіянальнай кааліцыі «Гарадзенская ініцыятыва» С. Домаша, Руху «За свабоду». Тут з мясцовай грамадой сустракаліся Арлоў, Вольскі і Булгакаў.
Сярод заснавальнікаў «Ратушы» быў вядомы бард Віктар Шалкевіч: «З’яўленне такога асяродку — сімвал свайго часу. Гэта было знакам аднаўленняў у грамадстве, — кажа ён. — Яшчэ доўга шмат народу будзе ўспамінаць з удзячнасцю гэтае месца. Будуць памыляцца дзверамі і запытвацца: «Дзе тут была «Ратуша?», «Дзе цяпер ТБШ?»