В значыць Вэндэта

(V for Vendetta, 2005, ЗША–Нямеччына)

Стваральнікі «Матрыцы», браты Вачоўскі, узяліся за адаптацыю графічнай навэлі, створанай Адамам Мурам у 80-я гады, што была прысьвечаная супрацьстаяньню рамантычнага анархіста з фашыстоўскім урадам. Галоўны герой коміксу, В, – прыхільнік клясычнага анархізму і лічыць, што перад тым, як будаваць новы сьвет, трэба зруйнаваць стары. Падзеі адбываюцца ў Вялікай Брытаніі і ёсьць своеасаблівай рэакцыяй аўтара на эпоху кіраваньня Маргарэт Тэтчэр.

Аўтары кінастужкі ўзялі графічную навэлю за аснову, пакінулі сюжэт твору, але зьмянілі кантэкст і галоўны пасыл твору, што і выклікала абурэньне стваральніка коміксу Адама Мура, які, аднак, традыцыйна адхрышчваецца ад экранізацыяў сваіх коміксаў, як было, напрыклад, зь «Лігай Экстраардынарных Джэнтэльмэнаў».

У фільме ў высокатэхналягічнай атмасфэры ў духу твору Орўэла «1984» адбываецца супрацьстаяньне індывіда і таталітарнага грамадзтва, але гэта ўжо супрацьстаяньне іншых ідэалёгіяў – лібэралізму і нэакансэрватызму, і такім чынам, паводле стужкі, галоўная пагроза грамадзтву ідзе ўжо ад ультра-кансэрватыўнай паліцэйскай дзяржавы, а галоўныя тэмы для разважаньня – тэрарызм і дзяржаўны кантроль над грамадзтвам. Цікава, што галоўным героем кіруе помста, і гэта яднае яго з такімі рамантычнымі героямі, як, напрыклад, Граф Монтэ-Крыста. Ва ўсялякім разе стужка навівае шэраг алюзіяў, асацыяцыяў і заахвочвае да філязофскіх спрэчак.

Але яе можна паглядзець і не паглыбляючыся ў высокія разважаньні – футурыстычны кантэкст, цікавыя здымкі, вядомыя акторы Наталі Портман («Леон», «Блізкасьць») і Г’юга Ўівінг («Уладальнік пярсьцёнкаў», «Матрыца»), чаму б і не?

Аўрора. Чацьвер. 18:00, 20:30.

Перамога. Пятніца. 16:20, 18:50, 21:15.

Мір. Субота. 18:00, 20:00.

Цэнтральны. Нядзеля. 18:30, 21:00.

Пацалунак наскрозь

(Kiss Kiss Bang Bang, 2005, ЗША)

Майстар экшанаў Шэйн Блэк здымае парадыйны дэтэктыў з удзелам Робэрта Даўні («Чаплін», «Сэрца і душы») і Вэла Кілмэра («Схватка», «Мора Солтана»), чыіх герояў зводзіць разам нетрывіяльны цудоўна закручаны сюжэт і сцэнар, поўны досьціпаў і жартаў, а дыялёгі прапісаны так, што іх хочацца цытаваць.

Мір. Чацьвер. 18:00, 20:00.

Цэнтральны. Пятніца. 17:00, 19:00, 21:00.

Перамога. Субота. 16:50, 18:50, 21:10.

Аўрора. Нядзеля. 18:30, 20:30.

Каханьне і цыгарэты

(Romance & Cigarettes, 2005, ЗША)

Аповед пра простага пралетарыя, бацьку трох дачок, які здраджвае сваёй жонцы з сэксуальнай рыжавалосай жанчынай. Скажаце: банальна і нудна? А калі прадусэры стужкі браты Коэны, а галоўныя ролі выконваюць Джэймс Гандальфіні («Клан Сапрана», «Перажыць Каляды»), Сьюзан Сарандон («Тэльма і Луіза», «Мачыха»), Кейт Ўінслэт («Тытанік», «Розум і пачуцьці»), Стыў Бушэмі («Армагедон», «Сьвет прывідаў»)? А калі яны сьпяваюць і танчаць пад гіты сусьветнай музыкі ад Прэсьлі да Тома Джонса? А калі яны атрымліваюць асалоду ад таго, што здымаюцца менавіта ў гэтым фільме? І незаўважна парадуюць свае былыя ролі ці галівудзкія кінатрадыцыі?.. То гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Не прапусьціце!

Перамога. Чацьвер. 16:50, 18:50, 21:10.

Аўрора. Пятніца. 18:30, 20:30.

Цэнтральны. Субота. 19:00, 21:00, 23:00.

Мір. Нядзеля. 18:00, 20:30.

Труп нарачонай Тыма Бёртана

(Tim Burton’s Corpse Bride, 2005, Вялікая Брытанія–ЗША), анімацыя

Займальная анімацыя зь сьвежым гумарам, у лепшых традыцыях Тыма Бёртана («Кашмар перад Калядамі»). Калі пашчасьціць паглядзець у арыгінале, можна атрымаць асалоду ад галасоў Джоні Дэпа і Гэлены Бонэм-Картэр, якая, дарэчы, насамрэч ёсьць нарачонай рэжысэра мульціка Тыма Бёртана, чым, відавочна, і тлумачыцца назоў.

Цэнтральны. Чацьвер. 13:30, 18:00, 19:40.

Мір. Пятніца. 18:00, 20:00.

Аўрора. Субота. 18:30, 20:30.

Перамога. Нядзеля. 15:30, 17:10, 18:50, 20:30, 22:00.

Увага! У раскладзе магчымыя зьмены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?