Калі прасядзець цэлы дзень за камп’ютарам — да вечара вочы стомяцца так, што ўжо ні тэлевізар паглядзець, ні кніжку пачытаць. Калі ж цягам дня выконваць няхітрыя рэкамендацыі, стомленасць вачэй рэзка зменшыцца.

Варта часцей міргаць падчас працы за камп’ютарам, каб пазбегнуць высыхання рагавіцы. Існуе шэраг прэпаратаў для звільгатнення рагавіцы, пры неабходнасці выкарыстоў¬вайце іх.

Трэба рабіць перапынкі. Пасля гадзіны за камп’ютарам абавязкова зрабіце перапынак на 5—10 хвілін. Папіце гарбаты ці выйдзіце прагуляцца на вуліцу.

Не забывайцеся на вітаміны. Асабліва летам, калі чарніцы можна есці ў натуральным выглядзе. Вашыя вочы аддзячаць зоркасцю за смачныя ягады.

Таксама паспрабуйце рабіць гімнастыку для вачэй. Можна нават не адыходзячы ад кампутара:

1. Моцна заплюшчыце вочы на 3—5 секунд, а потым шырока іх расплюшчыце на 3—5 секунд. Паўтарайце.

2. Пастаўце вялікі палец рукі на адлегласці 30 см ад вачэй. Глядзіце на канец пальца на працягу 3—5 секунд, заплюшчыце адно вока на 3—5 секунд, расплюўшчыце, заплюшчыце другое вока. Паўтарайце.

3. Пакладзіце кончыкі пальцаў на скроні, злёгку націсніце. Міргніце хутка і лёгка 10 разоў, затым заплюшчыце вочы і адпачніце. Паўтарыце 3 разы. Практыкаванне здымае стому. Правядзіце зрокам па колу 4—5 разоў па гадзіннікавай стрэлцы і супраць яе.

4. Каб расслабіць вочы, зрабіце практыкаванне, якое часам называюць «знак на шыбе». На ўзроўні вачэй на шкло прыляпіце круглы знак, дыяметрам каля 1 см. Ён можа быць любога колеру, абы быў добра бачны. Падыдзіце блізка да акна (каб адлегласць была сантыметраў дзесяць) і паглядзіце некалькі секундаў праз акно ўдалеч — на дрэвы і будынкі, якія знаходзяцца як найдалей, а пасля паглядзіце некалькі імгненняў на знак. Затым зноў удалеч, потым яшчэ на знак. Паўтарайце.

Згубіць зрок лёгка, а ўзнавіць амаль нерэальна. Беражыце вочы!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?