Бюджэт-2010: скароцяцца выдаткі нават на органы дзяржаўнай бяспекі і праўладныя СМІ. У лідэрах па ўразанні -- адукацыя і ахова здароўя.

Выдаткі з бюджэтаў па гадах.

Выдаткі з бюджэтаў па гадах.

Выдаткі кансалідаванага бюджэту Беларусі на 2010 год складуць 55,7 трыльёна рублёў (каля 19,5 мільярдаў даляраў).

Асаблівасцю 2010 года стане тое, што кансалідаваны і рэспубліканскі бюджэт — гэта ўжо не адно і тое ж. Цяпер фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выдзелены ў асобную структуру. Яна будзе існаваць асобна ад рэспубліканскага бюджэту, але ўлічвацца ў кансалідаваным. На сацыяльную абарону — пераважна пенсіі — выдаткоўваецца траціна ад ўсіх грошай, каля 18 трыльёнаў рублёў.

Дзяржбяспека недаатрымае

Па тым, як размяркоўваюцца астатнія фінансы, можна вызначыць прыярытэты беларускай улады.

Міліцыя — наша ўсё. Толькі органы ўнутраных справаў атрымаюць налета болей, чым было сёлета. Дзяржава «падкінула» міліцыянтам яшчэ $30 млн. Цяпер у тых будзе 1,1 трыльёна рублёў ($385 мільёнаў). Для нагляднасці наступныя лічбы будуць падавацца менавіта ў пераводзе на валюту — у трыльёнах рублёў цяжка разабрацца.

На КДБ дзяржава будзе ашчаджаць — замест $85 млн, як было ў 2009 г., ім дастанецца «ўсяго» $69 млн.

Узброеным сілам таксама абрэзалі: $515 млн. У гэтым годзе было $574.

Адукацыі — менш, чым войску

Міністр фінансаў Андрэй Харкавец паведаміў, што выплаты на медыцыну і адукацыю павялічацца на 6—7%. Тым не менш, супастаўленне лічбаў пераконвае ў адваротным. Канкрэтны прыклад у рублях — у законе «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2009 год» на адукацыю выдзелена 1,77 трлн рублёў. На 2010 год запланавана выдаткаваць 1,4 трлн. На 21% менш! А калі пералічыць суму ў валюце, то выходзіць яшчэ мацней. З $622 млн да $491 млн адпаведна.

Падобная сітуацыя і з медыцынай. Было $540 мільёнаў — стала $442.

У напружаным спаборніцтве між спортам і культурай ініцыятыву перахапіла сіла. Летась культура была наперадзе — 85 супраць 80 (у мільёнах даляраў). Цяпер фізкультура і спорт адыграліся. Яны атрымаюць $65 млн, на духоўнае ж выдаткоўваецца $63 млн.

Апошнюю кашулю дыпламатам

Яшчэ адна ахвяра экамічнага крызісу — праўладныя СМІ. У іх адабралі $8 млн. Здаецца, шмат, але на падтрымку лукашэнкаўскіх газет і тэлеканалаў падаткаплатнікі ўсё адно аддадуць аж $59 мільёнаў.

Эканомія кіраўніка дзяржавы на сабе не такая вялікая. Ад сёлетніх $12 млн, выдаткаваных на «дзяржаўныя органы, якія забяспечваюць дзейнасць прэзідэнта», засталося 10 млн.

Як і летась, унёскі ў саюзную дзяржаву практычна роўныя выдаткам на ўтрыманне дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі ва ўсім свеце. І тыя, і тыя ўсё растуць — $60 млн і $65 млн адпаведна.

Варта адзначыць, што бюджэт на 2009 год дадаткова пераглядаўся у маі гэтага года ў бок паніжэння. Хто ведае, ці ўдасца выканаць бюджэт‑2010, калі запланаванага эканамічнага росту дасягнуць не ўдасца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?