Пытанне незалежных журналістаў было зададзенае ў лоб: «Кіраўнік Беларусі мае грашовыя актывы за мяжой?». Рэпартаж Вольгі Жарнасек з офіса Еўрасаюза.

Візіт беларускіх журналістаў у Брусэль прыпаў на час, калі стала вядома, што санкцыі супраць Беларусі прыпыненыя, але не скасаваныя. Мінуў год, як Еўропа распачала дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам. Год, як распачаўся «перыяд лібералізацыі».

Наш «працоўны візіт» фармальна азначаў знаёмства журналістаў са структурай Еўрапейскага саюза, сэр¬ца якога знаходзіцца ў Брусэлі, нефармальна — шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Еўрапейскай Камісіі, якія не толькі адказвалі на нашыя пытанні, але і задавалі свае. Многія размовы вяліся «off the record» («не пад запіс») — абавязковае правіла, якое нам параілі ні ў якім разе не парушаць.

За адным сталом, але па розныя бакі

Запрашэнне ўзяць удзел у паездцы атрымалі як прадстаўнікі незалежных, так і прадстаўнікі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Раскладка была 2/1 — дзесяць журналістаў з незалежных СМІ і пяць журналістаў з дзяржаўных: прадстаўнікі газет «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», тэлеканала БТ, агенцтва БелТА і Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Адносіны паміж гэтымі дзвюма групамі былі прадказальныя. На адным з працоўных абедаў, калі за сталом разгарэлася спрэчка наконт цяжкасцяў атрымання віз, прадстаўнік Еўракамісіі спытаў: ці праўда, што з аднаго боку стала сядзяць прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, а з другога — незалежных? Яго сапраўды здзівіла, што падзел настолькі відавочны.

Пытанне візаў стала своеасаблівым козырам у руках праўладных журналістаў. Яны скардзіліся на тое, як цяжка атрымаць звычайнаму беларусу хаця б аднаразовы «шэнген», праз якую колькасць здзекаў яму прыходзіцца прайсці, нарэшце, як шмат беларусы плацяць за візы. Еўрапарламентары ў сваю чаргу тлумачылі, чаму адбываецца так, а не інакш. Палягчэнне візавага рэжыму, казалі яны, стане чарговым крокам у адказ на лібералізацыю ў Беларусі, але авансам яны гэта зрабіць не могуць.

Вока за вока

Было відавочна, што жывём мы ў розных краінах пад адной назвай «Беларусь». І не толькі журналісты. Выдатна гэтую сітуацыю праілюстравала сустрэча з прадстаўнікамі беларускай амбасады ў Брусэлі Аляксандрам Самусенкам і Аляксеем Самасуевым ды з кіраўніцай Офіса «За дэмакратычную Беларусь» Вольгай Стужынскай.

Самусенка ў сваёй прамове даў крытычную ацэнку развіццю беларуска‑еўрапейскіх адносін. «Поўнай задаволенасці мы не адчуваем, нягледзячы на істотныя пазітыўныя зрухі на працягу 2008—2009 гадоў, — заявіў ён. — У некаторых еўрапейскіх сталіцах развіццё адносін з Беларуссю бачаць выключна праз прызму дэмакратызацыі, праз грамадскае жыццё ў краіне. Такая лінія як у гістарычным, так і ў бягучым плане з’яўляецца не самай перспектыўнай».

Самусенка адзначыў, што шэраг візавых абмежаванняў у дачыненні беларускіх чыноўнікаў «носіць выключна прапагандысцкі характар», а таксама, што патрабаванні ЕС па ацэнцы сітуацыі з дэмакратыяй Беларусі і правамі чалавека носяць «падвойныя, патройныя і яўна завышаныя стандарты».

Пасля выступу Вольгі Стужынскай, якая патлумачыла, чым займаецца яе Офіс у Брусэлі, пытанне ўзнікла ў Алены Ладуцькі з БТ (раней яна была асабістым карэспандэнтам Аляксандра Лукашэнкі). Перш чым яго задаць, яна ўдакладніла, грамадзянкай якой краіны з’яўляецца Стужынская, а таксама як часта бывае ў Беларусі — намякаючы, што ёй у Брусэлі не бачна сапраўднай сітуацыі ў краіне. Але Стужынская адказала, што з’яўляецца грамадзянкай Беларусі і бывае там практычна штомесяц. Тады Ладуцька задала галоўнае пытанне: «А якія ў вас асабіста прэтэнзіі да Беларусі? Што вас не задавальняе?» Гэтае пытанне наконт прэтэнзій да Беларусі рэфрэнам паўтаралася на працягу ўсёй паездкі з боку дзяржаўных журналістаў. Задавалі яны яго і еўрапейскім чыноўнікам. Здавалася, яны ніколі не чулі пра дванаццаць (цяпер ужо пяць) умоваў Еўрасаюза ў дачыненні Беларусі.

Пяць крокаў у абдымкі Еўропы

Пра «пяць ўмоваў» прадстаўнікі ЕС казалі рэгулярна. У адказе амаль на кожнае пытанне гучала гэтае спалучэнне. Ключавой умовай, вядома, называлася правядзенне свабодных і празрыстых выбараў. Праўда, і тут знаходзіліся вострыя куты. Вядома, што Еўрасаюз не прызнаў рэферэндумы, праведзеныя Аляксандрам Лукашэнкам. У тым ліку і той, дзе ён атрымаў магчымасць балатавацца неабмежаваную колькасць разоў.

Адно з пытанняў, зададзеных беларускімі журналістамі, тычылася таго, як паставіцца ЕС да самога факту балатавання Лукашэнкі на пост кіраўніка дзяржавы на наступных выбарах. У адказ прагучала, што ЕС прызнае любы вынік выбараў, калі яны пройдуць справядліва. То бок стала зразумела, што ва ўмовах дыялогу папярэднія заявы наконт рэферэндумаў ануляваліся. Еўропа пагадзілася супрацоўнічаць з Лукашэнкам, нават калі ён выйграе выбары — але паводле дэмакратычных правілаў.

Наогул жа, стваралася ўражанне, што ў Брусэлі добра ведаюць сітуацыю ў Беларусі і выдатна азнаёмленыя з кожнай праявай аўтарытарызму.

Напярэдадні з універсітэта выключылі прэс‑сакратарку «Маладога фронту» Таццяну Шапуцьку. Гэтая тэма падымалася ў размовах неаднойчы. На рэмарку Алены Ладуцькі наконт таго, што нельга прапускаць заняткі, кіраўнік аддзела дэпартамента па замежных сувязях і палітыцы добрасуседства Джон О’Рурк задаў ёй сустрэчнае пытанне: ці не прапускала яна заняткі ва ўніверсітэце? Журналістка не знайшла што адказаць.

Маўчалі дзяржаўныя журналісты і пасля заявы аднаго з прадстаўнікоў камісіі па Беларусі. Яна тычылася актываў найвышэйшых беларускіх чыноўнікаў у Еўропе. Яны былі раней замарожаныя, але сёлетні факт прыпынення санкцый азначае, што зараз яны ў вольным доступе. Пытанне незалежных журналістаў было зададзенае ў лоб: «Кіраўнік Беларусі мае грашовыя актывы за мяжой?». Еўрачыноўнік Канстанцін Вардакіс адсёк: «Я не буду адказваць на гэтае пытанне».

«Шчаслівы білет» на прэс‑канферэнцыю з Мартынавым

Падчас нашага візіту ў Брусэль туды прыляцеў і міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Пасля запланаванай сустрэчы мелася адбыцца прэс‑канферэнцыя з удзелам еўракамісаркі Беніты Ферэра‑Вальднэр, каардынатара замежнай палітыкі Еўрасаюза Карла Більта і іншых міністраў замежных справаў краін‑удзельніц праграмы «Усходняга партнёрства». У Беларусі рэдка выпадае магчымасць трапіць на такое мерапрыемства, але акрэдытацыя ў Брусэлі не склала вялікай цяжкасці. Пытанне, адказ на якое нас цікавіў, было зноў жа датычнае выключэння Таццяны Шапуцькі і таго, наколькі яно паўплывае на ўдзел Беларусі ва «Усходнім партнёрстве». Задавалася яно Більту, але і Мартынаў зрэагаваў на яго, адказаўшы, што «ўрады не выключаюць студэнтаў». У адказ на гэтую рэмарку Більт зноў жа выказаўся, што ва ўніверсітэт не мусілі звяртацца спецслужбы. Прэс‑канферэнцыя скончылася, але пытанні да Мартынава яшчэ засталіся. Скарыстаўшыся магчымасцю, я падышла да яго ў калідоры і папрасіла на іх адказаць. На гэта па‑беларуску ён сказаў, што «ў яго няма часу», і хутка рэціраваўся. Пасля ўкраінскі калега мне прызнаўся, што дагнаў Мартынава і той адказаў на ўсе ягоныя пытанні.

Вось такія «падвойныя стандарты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?