Удзельнікі міжнароднага Кангрэсу арнітолягаў, які праходзіць у нямецкім Гамбургу агучылі традыцыйны падлік папуляцыі белых буслоў, які раз на дзесяць год праводзіцца адмыслоўцамі розных краінаў сьвету. Паводле справаздачы, буслоў на Зямлі стала болей на 37 адсоткаў, прычым сярод эўрапейскіх краінаў найбольш колькасьць буслоў павялічылася ў Гішпаніі, Польшчы, ва Україне і ў Беларусі. Адначасна арнітолягі занепакоеныя тым, што буслы пакідаюць свае традыцыйныя месцы абітаньня.

Для большасьці эўрапейцаў белы бусел ёсьць культавай птушкай. Як іншыя народы беларусы склалі пра яго нямала мітаў. Напрыклад, пра шчасьце, якое прыходзіць у тыя хаты, дзе буслы зьвіваюць свае гнёзды.

Што да рэаліяў, то апошнім часам буслы зьвіваюць свае гнёзды ў нязвыклых месцах. Напрыклад, на слупах лініяў электраперадачаў. Нямецкі арнітоляг Кай -Міхаэль Томзэн тлумачыць: «Поймы рэкаў пачынаюць зарастаць травой. Буслы ня ў стане дабываць ежу для сваіх птахаў, а таму вымушаныя міграваць». Навуковец мяркуе, што хуткім часам белым буслам, якія гняздуюцца ў раёне Эльбы можа стаць вельмі цесна і што ў пошуках сілкаваньня яны нават змогуць зьнішчыць іншыя віды. У гэтым сэнсе рост папуляцыі віда можа тоіць у сабе пэўную небясьпеку, -- лічыць арнітоляг Томзэн.

Тым часам ягоная беларуская калега Ірына Самусенка, якая рыхтавала для Гамбурскага кангрэсу зьвесткі па папуляцыі белага бусла ў Беларусі (аднак не змагла ўзяць удзел у форуме з-за праблемаў фінансаваньня), пераканая: для Ўсходняй Эўропы павелічэньне гэтага віду ёсьць пазытыўным фактарам. Белы бусел вельмі непераборлівая і ўсеядная птушка, якая дапамагае змагацца з тымі ж мышападобнымі грызунамі ці каларадскімі жукамі. Падобна эўрапейскім буслам, беларускія таксама сьхільныя да масавай зьмены месцаў гнездаваньня.

(Самусенка: ) «Гэты працэс справаканы чалавекам. Буслы прылятаюць, ім трэба вырошчваць птушанят. Таму яны і мігруюць у населенныя пункты да людзей. Тут папуляцыя бусла расьце, а ў поймах рэкаў, наадварот, зьмяншаецца»

Паводле Ірыны Самусенкі да меліярацыі і Чарнобыля, пойма Прыпяці была для беларускіх буслоў такім жа любімым месцам, што і пойма Эльбы для буслоў нямецкіх. Птушкі пакідаюць свае традыцыйныя гнёзды на высахлых з–за меліярацыі дрэвах, а замест гэтага гняздуюцца на ЛЭПах, сьведчыць беларуская вучоная.

Як лічыць Ірына Самусенка, рост папуляцыі белага бусла мае ў кожным рэгіёне свае прычыны. Калі гаварыць пра Беларусь, то 2005 год, калі праводзіліся асноўныя падлікі, стаў для буслоў спрыяльным у зьвязку з неблагім ураджаем ды добрай зімоўкай у Афрыцы. Не ў апошнюю чаргу, паказчыкі росту папуляцыі зьвязаныя з увядзеньнем больш дасканалай сістэмы падлікаў гнездаваньня. Дзесяць год таму лічбы вызначаліся выключна шляхам апытаньня мясцовых жыхароў, а таму былі ня самымі дакладнымі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0