Пабачыла свет сідзішная складанка «Тузін. Перазагрузка»: 12 песняў айчынных, англамоўных, рускамоўных і італьянамоўных выканаўцаў перапяялі свае хіты па-беларуску. Сярод іх — Atlantica, Da Vinci, Дакота і Юры Дземідовіч.

Праца з праектам пачалася ўвесну гэтага году, калі сваю згоду перазагрузіцца ў нязнаную для сябе белмоўную рэальнасць далі 12 выканаўцаў: як зоркі поп-сцэны, так і рокавыя выканаўцы.

«Ідэя «Перазагрузкі» бадай ляжала на паверхні, — кажа журналіст Сяргей Будкін, адзін са стваральнікаў «Тузіна гітоў», сайта-арганізатара праекту. — Яшчэ даўней была такая завядзёнка на «Басовішчы», калі шмат якіх англамоўных і рускамоўных гуртоў перакладалі для выступу свае песні на беларускую. На «Перазагрузцы» ж мы пастанавілі, каб на белмоўнай складанцы прысутнічала не толькі альтэрнатыва, але і поп.

Некалькі месяцаў гурты працавалі над беларускімі варыянтамі сваіх песняў разам з перакладчыкамі. Так, песню Da Vinci перакладаў бард Алесь Камоцкі, апошні англійскі хіт праекту Atlantica It’s Not About Us моўна пераасэнсоўваў перакладчык Віталь Воранаў, сваю версію шлягера «Запалкі» ад «фабрычнай» Дакоты напісаў паэт Глеб Лабадзенка, а еўрабачанага «Чароўніка кроліка» Юрыя Дземідовіча абеларусіў Сяргей Балахонаў.

Дыск «Тузін. Перазагрузка» будзе распаўсюджвацца задарма. Яго атрымаюць усе айчынныя FM-cтанцыі.

«У прынцыпе ўсе песні складанкі вісяць у інтэрнэце з восені — іх можна вольна спампаваць, — дадае Сяргей Будкін. — Але ўсе тыя прадубляваныя па-беларуску песні нажаль па-ранейшаму гучаць у эфіры па-англійску ці па-расійску. Пры ўсёй той прыхільнасці, з якой наш праект прынялі на радыёстанцыях, у эфіры іх пакуль няма. То бок, нефарматам з’яўляецца не кірунак (бо на складанцы ёсць і поп-выканаўцы), а мова. Аднак, спадзяюся, што цяпер становішча зменіцца, калі радыйшчыкі даведаюцца, што гэта не аднаасобныя намаганні, а паўнакроўны праект».

Некаторыя ўдзельнікі праекту «Тузін. Перазагрузка» пажадалі працягнуць спробы спяваць па-беларуску. Гэтак, Da Vinci, працягваючы супрацу з Алесем Камоцкім, запісваюць яшчэ адну песню, «Нака» здымае кліп на песню «Бяжы». Dakota ўвогуле перастала карыстацца паслугамі перакладчыка: яна хоча запісаць некалькі ўласных беларускіх песняў.

MP3-версіі «Тузін. Перазагрузка» даступныя на сайтах ініцыятараў праекту на «Тузіне Гітоў» і старонцы грамадскай ініцыятывы «Будзьма беларусамі!».

ЛК

Змест складанкі «Прэм’ер Тузін»:

1. «У свеце не адны» ад Atlantica — беларуская версія апошняга хіта It’s Not About Us у перакладзе Віталя Воранава. Лідэр праекту Алекс Дэвід прызнаецца, што настройваўся на запіс, перачытваючы Уладзіміра Караткевіча.

2. «Бяжы» Насты Шпакоўскай і яе гурта Naka (пераклад Сяргея Балахонава); на песню неўзабаве будзе зняты відэакліп. Наста прызнаецца, што беларуская мова ў гэтым творы загучала жорстка і прынцыпова, у адрозненне ад расійскага варыянту.

3. «У неба» хлапцоў з «Нестандартнага варыянту» ў перакладзе Сяргея Балахонава. Гэтую песню ўжо называлі працягам вядомага NRM-аўскага кавера «Паветраны шар». Менавіта «У неба» была прызнаная наведнікамі інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» найлепшым трэкам праекту.

4. «Новы мост» у выкананні Светы Бень і гурта «Срэбнае вяселле». Песня-прысвячэнне фільму Леа Каракса «Каханкі з Новага маста», з тэкстам якой апроч аўтаркі таксама працавалі Сяргей Балахонаў і Вікторыя Дашкевіч.

5. «Маці» гурта «Сердце дурака» аўтарства Цімафея Яравікова — адзінага ўдзельніка праекту, які адмовіўся ад перакладнога варыянту, затое напісаў сваю першую песню па-беларуску, дзе і выказаў свае думкі пра мову.

6. «Пад купалам нябёс» — новая версія вядомай кампазіцыі гурта «Стокс», тэкст якой быў перакладзены Глебам Лабадзенкам. Лідэр гурта Аляксей Стокс спадзяецца, што менавіта ў гэтай версіі яго твор загучыць на FM-станцыях Масквы, дзе гурт апошнім часам працуе.

7. «Запалкі» — колішні «фабрычны» хіт Дакоты ў перакладзе Глеба Лабадзенкі. Гэты спеў — яскравы доказ таго, што спявачка ніколі не кідала сваёй Радзімы. На сваім новым дыску Дакота абяцае яшчэ некалькі песняў па-беларуску, цяпер ужо ўласнага аўтарства.

8. «Студзень» — галоўны хіт Hair Peace Salon у перакладзе Віталя Воранава. Музыкі прызналіся, што ставілі на англамоўную версію як на галоўны хіт, але толькі ў беларускім варыянце яны задаволіліся яе гучаннем.

9. «My Babe» у беларускамоўнай электра-поп версіі гурта Tanin Jazz (перакладам займаўся Віталь Воранаў). Музыкі вырашылі цалкам перабіць свой твор, бо адчувалі нескарыстаны патэнцыял трэку. Вынік яны ацанілі на 10 балаў з 10.

10. «Трыюмф волі» выканаўца нігілістычнага джазу і спевака сюррэалістычнага гвалту Сяргея Пукста (песню пераклаў Андрэй Хадановіч). Спявак прызнаўся, што беларуская мова вельмі яму дапамагла сказаць слухачам тое, што ён хацеў.

11. «Каханне не ўзнікла» ці не самых вядомых айчынных «італьянцаў» з Da Vinci (беларускі варыянт тэксту L’amore non esiste падрыхтаваны Алесем Камоцкім). Падчас запісу музыкам было дзіўна пачуць сябе саміх беларускамоўных, але яны засталіся задаволеныя атрыманым вынікам.

12. «Чароўны Кролік» пераможцы беларускага адбору на дзіцячае Еўрабачанне-2009 Юрыя Дземідовіча (пераклад песні падрыхтавалі Сяргей Балахонаў і сам Юры Дземідовіч).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0