Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС сталіцы затрымалі 44‑гадовага мінчука, які скраў металічны гараж.

Спосаб крадзяжу быў запазычаны са старой савецкай кінакамедыі «Сцеражыся аўтамабіля». Спачатку зламыснік па аб’явах знаходзіў пакупнікоў металічных кантэйнераў, затым у дварах дамоў шукаў прымальны варыянт. Адзін з такіх варыянтаў знайшоўся на вуліцы Розы Люксембург.

Для таго каб украсці гараж, мужчына заказаў грузавы аўтакран, аднак той не змог падняць кантэйнер, у якім знаходзілася вялікая колькасць будматэрыялаў.

Праз некалькі дзён «аперацыя» ўдалася пры дапамозе больш магутнага пад’ёмнага механізму з найбліжэйшай будоўлі.

У выніку металаканструкцыя з будматэрыяламі адправілася да пакупніка за горад. Уладальнік кантэйнера тым часам знаходзіўся ў камандзіроўцы.

Выйсці на злачынца атрымалася дзякуючы пільнасці суседа гаспадара гаража.

Ён бачыў першую спробу крадзяжу і, ведаючы, што кантэйнер ніхто прадаваць не збіраўся, запісаў нумар крана.

Спачатку міліцыя ўстанавіла машыну, потым яе вадзіцеля, а затым і арганізатара злачынства. Яму прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні буйнага крадзяжу — кошт украдзенага ацэньваецца ў 5 млн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?