Беларусь атрымала ад Сусветнага банка пазыку на мэты развіцця ў памеры 200 млн. даляраў ЗША.

Як паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Ірына Алейнік, сродкі прызначаны на падтрымку эканамічнай праграмы ўрада, устараненне сацыяльных наступстваў крызісу і паглыбленне структурных рэформ, якія забяспечваюць аснову для аднаўлення ўстойлівага эканамічнага росту.

Як паведамлялася, выдзяленне пызыкі было зацверджана саветам выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка 1 снежня. Гэтая аднатраншавая пазыка выдзяляецца на 16 гадоў і прадугледжвае адтэрміноўку пачатку пагашэння на шэсць гадоў.

Пазыка на мэты развіцця падтрымлівае праграму рэформ, згрупаваных па двух кірунках. Першы арыентаваны на ўмацаванне праграм сацыяльнай дапамогі за кошт узмацнення іх адраснай накіраванасці на бедныя слаі насельніцтва, якія могуць больш за ўсё пацярпець ад уплыву глабальнага эканамічнага крызісу на эканоміку Беларусі. Другі — падтрымлівае праграму ўрада па лібералізацыі для стымулявання інвестыцый і стварэння працоўных месцаў. Размова ідзе ў тым ліку пра такія меры, як указ аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці, які дазволіць значна аблегчыць нагрузку для прадпрыемстваў; лібералізацыя цэн (уключаючы адмену абмежаванняў гандлёвых надбавак адносна большасці відаў прадукцыі); паступовая адмена абаротных падаткаў і падрыхтоўка заканадаўчай базы для пачатку працэсу прыватызацыі.

Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. За гэты час краіне было выдзелена 643 млн. даляраў ЗША на рэалізацыю дзевяці праектаў; каля 30 нацыянальных праграм атрымалі грантавую падтрымку на агульную суму 18 млн. даляраў ЗША. Цяпер Беларусь выкарыстоўвае сродкі СБ для фінансавання чатырох праектаў па развіцці інфраструктуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?