Унікальны абрад векавой даўніны захоўваецца ў вёсцы Басценавічы, што на ўсходзе Магілёўшчыны — на праваслаўную Варвару тут штогод «гуляюць свячу».

Гэтай свячы ўжо больш за сто год. Сто чатыры — упэўнена кажуць нам у аддзеле культуры райвыканкама, і гэтая ўпэўненасць здзіўляе, бо пра паходжанне самога абрада тут ужо ніхто не памятае, нават самыя старыя з удзельніц. Для гэтых жанчын, (то бок для тых, хто «аброкся на свячу») сэнс самога гуляння яўна мае метафізічны характар, таму канкрэтыка тут няважная.

Для традыцыйнай свядомасці зямныя пачаткі другасныя, дык і мы не будзем выкарыстоўваць у сваім тэксце такія праявы духоўнай прафаннасці, як фразы «свята пачалося» альбо «пачатак абраду».

Цэлы год варварына свяча стаяла на покуце ў хатцы спадарыні Юліі, якая памятае яшчэ паваенныя часы, а «ў свячу» ўступіла па смерці сваёй маці. Для яе гэта быў год незвычайны, хоць і кажа яна, што нібыта ўсё было як заўсёды.

Дастаткова пабачыць, як святлеюць твары іншых жанчын, калі яны распавядаюць пра свае перажыванні такіх гадоў, каб зразумець, што сапраўдныя эмоцыі яна зараз хавае ў сэрцы, як мы хаваем у сэрцы пачуцці да любага нам чалавека.

«Дык што ж, — пытаюцца ў спадарыні Юліі гарадскія госці — свяча жывая?» «А хто ведае — паблажліва ўздыхае спадарыня Юлія — можа, што яна бачыць, можа, што знаець.» А толькі вочы ёй закрываць нельга, пагэтаму ні ў якім разе ніводная гаспадыня не схавае свячу ў шафу ці яшчык стала. Гэтак сама, як ніколі не аддасць яе ў «свой» год чужому чалавеку, ці нават на хаўтуры — за выключэннем тых выпадкаў, калі свячу просіць адна з «абрачоных». Быў такі выпадак — узгадвае спадарыня Юлія, калі адна з іх ліку папрасіла свячу да сябе дадому, бо дужа моцна муж хварэў, нават у Мінск вазілі. Ці то свяча, ці не, але муж зараз жывы. Іншая спадарыня, сваячніца Юліі Ліля больш упэўненая ў свячы — той год, пакуль свяча была ў яе доме, быў добры год. А наогул у доме нібыта адчуваеш прысутнасць яшчэ аднаго чалавека, і калі ідзеш маліцца да покуці, то ідзеш менавіта да яе. І муж да свячы паважліва ставіўся, і малыя падыходзілі, а што прасілі, як маліліся, кажа спадарыня Ліля — не ведаю, хаваліся. Яшчэ ў адным доме ў год, калі там была свяча, халастыя хлопцы пажаніліся, а дзеўкі павыходзілі замуж.

Зараз у Басценавічах дзве свячы. За гэтай, першай, глядзяць восем чалавек — сярод іх і сталыя жанчыны, і маладыя, як Ліля.

Другую свячу гулялі дзве бабулі, перадаючы свячу адна адной кожны год, але неўзабаве яны падзялілі свячу надвое, а адна з старых памерла. Тая, што засталася, цяпер ладзіць штогод абрад сама, а калі ўжо не зможа і яна, то яе частка свячы пярэйдзе ў храм і нікуды болей.

Падобныя абрады, як гэты, сустракаюцца і ў іншых мясцінах Беларусі, напрыклад, у вёсках Капань, Камень Рэчыцкага раёну, у вёсцы Наваселле Бярэзінскага. Але адметнасць варварынай свячы ў Басценавічах відавочная.

Па‑першае, каб стаць удзельніцай абраду жанчына павінная «абрачыся» — гэта значыць, прынесці ёй стужачку, альбо прыгожую тканіну, і з гэтымі падарункамі папрасіць у свячы здароўя для сваіх блізкіх. Спадарыня Ліля, напрыклад, прынесла два прадметы, стужку і ручнік, бо ў яе двое дзяцей. Па‑другое, варварына свяча — гэта выразна жаночы абрад, як і свята Варвары — жаночае. Удзельнічаць у ім, упрыгожваць, «насукоўваць» свячу мужчыны не могуць. Па‑трэцяе, адрознівае ўласна сама прывязка да святой Варвары, на дзень якой свяча пакідае дом адной гаспадыні, і толькі ненадоўга пабыўшы ў храме, трапляе ў дом да наступніцы па чарзе. «У мяне свяча была ўжо два разы — кажа спадарыня Ліля, і гэта менавіта той выпадак, калі твар яе святлее — а наступны раз у 2014 годзе».

У хаце спадарыні Юліі людна, прыйшлі ўсе жанчыны, што абракліся на свячу, і нават некаторыя мужыкі. Так, а ну, адсюль — шыкаюць на іх бабы. Вялізнае воскавае цела свячы знізу як горка, з якой вырастае цэнтральны ствол, а з бакоў месцяцца гнёзды для «ручак». Жанчыны водзяць агнём па свячы, мнуць у руках загадзя куплены ў пасечніка воск і падлепліваюць свячу. Потым трэба «насукаваць» — скатаць з воску і прыставіць дзве «ручкі». Затым самая важная частка абраду, упрыгожванне свячы тканінамі і на завяршэнне — вянком.

Пасля таго, як свяча запальваецца, жанчыны моляцца богу і ідуць за стол.

Стол па сучасных мерках сціплы — крыху гарэлкі, якую п’юць хто як жадае, але збольшага па‑крышачку, і закускі.

За сталом жанчыны пяюць «псальмы», якія ўжо не будуць канчацца ўвесь вечар — пакуль яны сабяруцца выходзіць, пакуль будуць несці свячу вуліцай да наступніцы. Кланяючыся Варвары, жанчыны цалуюць і свячу, і абраз з Варварай, які падарожнічае па дамах разам з ёй. Там, у новай хаце, ёй ужо прыгатаванае пачэснае месца, і для гасцей — невялічкі стол.

Вялікі святочны стол будзе заўтра, заўтра ж свячу аднясуць у храм, заўтра ж жанчыны разыйдуцца па дамах да наступнага года. А новая спадарыня, спадарыня Антаніна прыбярэ за гасцямі ў хаце, прыгатуецца да сну, памоліцца перад дрогкімі агеньчыкамі на ноч і налепіць на свячу, як нібыта ёй на шыю крыжык і капеечку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?