Гай Рычы (у сярэдзіне) на здымках фільма з Робертам Даўні-малодшым (грае Шэрлак Холмса) і Джудам Ло (доктар Уотсан).

Гай Рычы цудоўна ведае, што па часе багата хто будзе прыгадваць яго толькі як былога мужа Мадонны, што ў выніку разводу атрымаў 60 мільёнаў фунтаў. Таму, зрабіўшы свой свежы трымценнік, 41-гадовы рэжысёр хоча пераканаць нас у адваротным, давесці, што варты ўвайсці ў гісторыю кінематографа, а не свецкай хронікі. У той самы момант, калі яго кар’ера і жыццёвы шлях ператварыліся ў цьмяную таямніцу, ён звярнуўся па дапамогу да самага знакамітага сышчыка ў свеце. Ці ж «Шэрлак Холмс», новая стужка Гая Рычы, якая выйдзе ў апошні дзень старога года ў пракат, верне рэжысёра ў найвышэйшую лігу топ-прадусараў?

Пачатак кар’еры абяцаў Гаю Рычы шмат: першая ж паўнаметражка – шалёны поспех. Тое былі «Карты, грошы, дзве рулі», што выйшлі ў 1998. Фільм уключаў сцэны з шыкам знятага гвалту, невялічкія, але трапныя эратычныя эпізоды, а таксама мілыя сэрцу кожнаму брытанца кадры з папулярным футбалістам Уіні Джонсам (той атрымаў ролю ваўкаватага рэкеціра). Прыгоды чатырох сімпатычных (і ўнутры і звонку) няўдачнікаў выклікала буру захаплення і хвалю падражанняў па ўсім свеце. Фільм быў зняты за які мільён, а прынёс у 25 разоў больш. Для Галівуда, вядома, не вельмі, але дастаткова, каб пераканаць амерыканцаў даверыць Гаю Рычы і большыя праекты.


Джонс з тымі самымі дзвюмя рулямі. Кадр са стужкі

У дадатак, падчас запісу гукавай дарожкі да фільма, Гай Рычы пазнаёміўся з Мадоннай. Вяселле не замарудзіла, і вось пры канцы 2000 году рэжысёр мае ў наяўнасці народжанага сына і шатландскі замак з жонкай-зоркай у камплекце.

Падсцёбнуты побытавай уладкаванасцю і творчымі дасягненнямі, у той жа год Рычы здымае «Снэч» (рас. «Большой куш»), баявік, таксама прысвечаны праблемам размеркавання з цяжкасцю нажытых мафіёзных капіталаў. Гэтам разам магчымасці кастынгу ў Рычы былі шырэйшыя: вось вам і Брэд Піт, і Бенісіё Дэль Тора. Да таго ж рэжысёр не забыўся пра сваіх братоў па колішняй нізкабюджэтнасці: Джонса і Джэйсана Стэтгема, які з часоў «Двух руляў» зрабіўся зоркай прыгодніцкіх стужках, як то «Італьянская праца» і «Перавозчык». І зноў, зноў поспех.

«Ракенрольшчык», зняты ў 2008 паводле тых жа страляй-даганяй рэцэптаў не ўразіў ані крытыкаў ані прыхільнікаў. Першыя сказалі, што першынцы былі дасціпнейшыя: «Ракенрольшчыку» жа бракавала свежасці і непасрэднасці, зноў гэтыя проціпастаўленні брыдкіх мафіянераў-верхаводнікаў і сімпатычна-мройных «шасцёрак», ды колькі можна адно і тое ж!... А публіка прагаласавала нагамі: ці то чорны гумар крымінальнікаў набіў аскомы, ці то вока замылілася ад красуноў з «узі», і таму гледачы палічылі за лепшае застацца дома.


"Ракенрольшчык": тыя ж рулі, толькі меншыя

Крытыкі і шараговыя кінаманы пагаджаюцца: 140-хвілінны і 60-мільённы «Шэрлак Холмс» — гэта для Рычы цудоўная магчымасць давесці шырокай публіцы, што ён па-ранейшаму мае што прапанаваць свету як творца. І што ён у стане змяніць старую пласцінку, урэшце. Хаця Гай Рычы кажа, што яго Холмс будзе сугучны нашаму часу. Герой будзе нагадваць сучаснага трылернага прайдзісвета. Па-першае, Холмс будзе прадстаўлены вялікім жыгала, якому не чужое ўсё мужчынскае (то бок, жаночае). Па-другое, сышчык заўсёды гатовы кінуцца ў галавакрутны экшн: ён не толькі выкрывае злачынствы паслугуючыся высілкамі ўласнага клёку, але і ганяецца за злачынцамі, дзякуючы сваім натрэніраваным цягліцам. Цяпер Холмс і Ватсан будуць высвятляць адносіны, не седзячы ля каміна і дадаючы да кожнага сказу прыдомак «сэр», а махаючы на баксёрскім рынгу кулакамі. У дадатак фільм пастаўлены не паводле Конан Дойлевых твораў, а па вытворнай — паводле графічнага раману (а папросту коміксу), які напісаў Лаянэл Віграм.

Ці Шэрлак Холмас — каласальны поспех або татальная параза Гая Рычы, пабачым: з 1 студзеня ў беларускіх кінатэатрах.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?