Пра гэта заявіў 22 снежня агенцтву ІРНА афіцыйны прадстаўнік МЗС Ірана Рамін Мехманпараст.

«На жаль, кожны раз, калі заходнія краіны спрабуюць пазбавіць нас нашых правоў на выкарыстанне мірнай атамнай энергіі і спрабуюць аказаць большы націск на Іран, такія навіны распаўсюджваюцца ва ўсім свеце», — зазначыў ён.

Паводле слоў Мехманпараста, ілжывая інфармацыя і негатыўная прапаганда заходніх СМІ нацэлена на тое, каб аказаць «псіхалагічны і палітычны націск на Іран». «Мы поўнасцю адхіляем гэтыя паведамленні», — сказаў ён.

Як раней паведамлялася, самалёт Іл‑76 (бартавы нумар 4L‑AWA), зарэгістраваны ў Грузіі, амаль з 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зенітна‑ракетнымі комплексамі, вываз якіх з КНДР забаронены рашэннем Савета бяспекі ААН, быў затрыманы 11 снежня ў Бангкоку,

дзе прызямліўся для дазапраўкі. Затрыманы пяць членаў экіпажа — чацвёра грамадзян Казахстана і грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў 1955 года нараджэння, які працаваў бортінжынерам.

14 снежня крымінальны суд Бангкока пастанавіў узяць пад варту экіпаж самалёта і прадоўжыў тэрмін яго затрымання на 12 дзён. Экіпажу выстаўлена абвінавачанне ў нелегальнай транспарціроўцы зброі і даванні лжывай інфармацыі ўладам Тайланда аб характары грузу. Паводле тайскіх законаў, лётчыкам пагражае пажыццёвы турэмны тэрмін. Апрача таго, ім могуць быць выстаўлены абвінавачанні ў нелегальным захоўванні выбуховых рэчываў, за што прадугледжваецца пакаранне ад двух гадоў пазбаўлення волі да смяротнай кары.

Члены экіпажа сцвярджаюць, што не ведалі пра характар грузу. Паводле іх слоў, яны перавозілі абсталяванне для бурэння нафтавых свідравін.

Як паведамілі ў пасольстве Беларусі ў В’етнаме, на гэты момант ніякай новай інфармацыі пра затрыманага беларускага грамадзяніна няма.

Газета The Wall Street Journal (ЗША) са спасылкай на даклад незалежных амерыканскіх і бельгійскіх экспертаў, якія атрымалі магчымасць вывучыць палётныя дакументы, паведаміла, што груз зброі планавалася даставіць у Іран.

Расследаванне гэтай справы можа працягвацца некалькі месяцаў або больш, паведаміў РІА Новости прадстаўнік праваахоўных органаў Тайланда. «Гэтая справа можа быць вельмі доўгай. Занадта заблытаная пакуль карціна: самалёт зарэгістраваны ў Грузіі, але нядаўна. У яго казахстанскі гаспадар. Фрахтавала самалёт украінская фірма, якая з’яўляецца філіялам новазеландскай фірмы, а з кім звязана тая — пакуль незразумела. У суправаджальных дакументах на груз, нават у авіянакладной, атрымальнік грузу наогул не названы. Дазволы на пралёт тэрыторый розных краін у самалёта былі на ўвесь зваротны шлях праз Шры‑Ланку і ААЭ да Украіны, і зброя магла быць выгружана ў любым пункце маршруту», — паведаміў на ўмовах ананімнасці супрацоўнік тайскага ўпраўлення па барацьбе са злачыннасцю, які непасрэдна ўдзельнічае ў расследаванні.

Ён таксама паведаміў, што ў палётным плане самалёта фігуруе адзін з невялікіх аэрапортаў у ААЭ, размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад грузавога марскога порта, на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны. «Тыя эксперты, з якімі мы паспелі пакуль звязацца, гавораць, што калі груз прызначаўся менавіта для гэтага аэрапорта, ён мог быць адразу ж перагружаны на грузавое судна, і тады сляды яго згубіліся б канчаткова», — зазначыла крыніца.

Сваё расследаванне праводзяць і ўлады Новай Зеландыі. Яны правяраюць інфармацыю аб датычнасці да рэйса гэтага самалёта кампаніі SP Trading Ltd., якая зарэгістравана на тэрыторыі Новай Зеландыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?