У офісе ініцыятывы адбылося штогадовае ўручэнне прэмій у галіне правоў чалавека.

Адметнай рысай сёлетняй цырымоніі стала адсутнасць большасці лаўрэатаў — адна ўзнагарода была ўручана пасмяротна, трое ўганараваных знаходзяцца зараз за кратамі і адзін у войску.

Першым прэміі ўручыў старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч. Лаўрэатамі ў намінацыі «За асабістую мужнасць» сталі Зміцер Бародка, адзін з каардынатараў кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і Максім Вінярскі, актывіст кампаніі.

Салігорская праваабаронца Яна Палякова, якая скончыла жыццё самагубствам, атрымала прэмію пасмяротна.

Вядомая журналістка Ірына Халіп перадала яе праваабаронцу Валеру Шчукіну, які ў сваю чаргу абяцаў аддаць узнагароду маці Паляковай. «У пасмяротнай узнагародзе заўсёды ёсць нейкі здзек, —сказала Халіп. — Бо адразу ўзнікае пытанне, а дзе вы ўсе былі тады, калі яна была жывая, што вы ўсе зрабілі? Выбачайце, што мы ўсе зрабілі?»

Каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў уручыў прэміі ваўкавыскім прадпрымальнікам Аўтуховічу, Лявонаву і Асіпенку. Праваабаронца Алег Волчак паабяцаў перадаць ім ўзнагароды.

Прэмію Арцёму Дубскаму, які зараз адбывае пакаранне ў Магілёве, прыйшла забіраць ягоная маці. Яна сказала, што ціск на Арцёма з боку адміністрацыі калоніі адчуваецца, але ён не збіраецца здавацца і падаць духам.

Быў узнагароджаны яшчэ адзін моладзевы актывіст Франак Вячорка. Сваю ўзнагароду ён атрымаў за мужнасць і змаганне за беларускую мову ў войску.

***

У мінулым годзе прэмію Хартыі’97 атрымалі актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка, моладзевы актывіст Андрэй Кім, прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, грамадская актывістка Галіна Юбко і фотакарэспандэнтка «Нашай Нівы» Юлія Дарашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?