Галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Захараў у сераду 23 снежня назваў імёны кандыдатаў у нацыянальную каманду, якія будуць рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў‑2010 у канадскім Ванкуверы.

Настаўнік беларускай лядовай дружыны спыніў выбар на наступных хакеістах:

галкіперы: Андрэй Мезін, Віталь Коваль (абодва — «Дынама», Мінск);

абаронцы: Андрэй Антонаў, Андрэй Башко, Уладзімір Дзянісаў («Дынама», Мінск), Аляксандр Сырэй, Вадзім Сушко (абодва — «Шахцёр», Салігорск), Віктар Касцючонак («Спартак», Масква, Расія), Мікалай Стасенка («Амур», Хабараўск, Расія), Руслан Салей («Каларада», ЗША, НХЛ);

форварды: Алег Антоненка, Сяргей Задзялёнаў, Аляксандр Кулакоў, Андрэй Міхалёў, Андрэй Стась (усе — «Дынама», Мінск), Сяргей Дзямагін («Нафтахімік», Ніжнякамск, Расія), Аляксей Калюжны («Дынама», Масква, Расія), Канстанцін Кальцоў («Салават Юлаеў», Уфа, Расія), Аляксей Угараў (МВД, Балашыха, Расія), Андрэй Касціцын, Сяргей Касціцын (абодва — «Манрэаль», Канада, НХЛ), Міхаіл Грабоўскі («Таронта», Канада, НХЛ).

Міхаіл Захараў падкрэсліў, што гэта не канчатковы спіс алімпійцаў, і таму ў многіх гульцоў ёсць яшчэ шанец прабіцца ў алімпійскую дружыну. Канчаткова прозвішчы з 23 удзельнікаў Алімпіяды будуць названы 15 лютага ўжо ў Канадзе.

На Алімпіядзе‑2010 у Ванкуверы зборная Беларусі, на папярэднім этапе згуляе ў групе С, з камандамі Фінляндыі (17 лютага), Швецыі (19 лютага) і Германіі (20 лютага).

Склад астатніх груп: А — Канада, ЗША, Швейцарыя, Нарвегія; В — Расія, Чэхія, Славакія, Латвія.

Тры пераможцы квартэтаў, а таксама лепшая сярод камандаў, якія занялі другія месцы, адразу атрымаюць месцы ў 1/4 фіналу. Яшчэ чатыры чвэрцьфіналісты вызначацца ў так званым кваліфікацыйным раўндзе плэй‑оф (23 лютага),

дзе выступяць астатнія ўдзельнікі гульняў, пашыхтаваныя паводле ранжыру у залежнасці ад іх турнірных паказчыкаў папярэдняй стадыі (месца ў групе, колькасць набраных балаў, розніца шайбаў). У кваліфікацыйным раўндзе плэй‑оф 5‑я каманда сустрэнецца з 12‑й, 6‑я — з 11‑й, 7‑я — з 10‑й, 8‑я — з 9‑й. Пачынаючы з 1/4 фіналу (24 лютага) алімпійскі турнір пройдзе па класічнай схеме плей‑оф. Паўфіналы прызначаныя на 26 лютага, матч за бронзу — на 27 лютага, а фінальны паядынак адбудзецца 28 лютага.

Для беларускай зборнай гэта зімовая Алімпіяда стане трэцяй.

Да гэтага яе найвышэйшым дасягненнем было 4‑е месца, занятае ў амерыканскім Солт‑Лэйк‑Сіці ў 2002 годзе. Тады гадунцы Уладзіміра Крыкунова сенсацыйна абыгралі ў 1/4 фіналу шведаў і ўвайшлі ў чацвёрку найлепшых камандаў, саступіўшы ў паядынку за 3‑е месца расійскай камандзе. У японскім Нагана ў 1998 годзе беларусы на чале з Анатолем Варывончыкам ў чвэрцьфінале прайгралі расяінам. У Алімпіядзе ў Турыне ў 2006 г. беларусы не ўдзельнічалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?