23 снежня ў Палацы мастацтва ў Мінску адкрылася трэцяя рэспубліканская мастацкая выстава «Калядны фэст».

На ёй прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура і выцінанкі мастакоў розных пакаленняў, а таксама міжнародны праект «Полацкі абярэг» — палатно з 455 твораў памерам 45х45 см, выкананых у розных тэхніках (лапікавае шыццё, вышыўка, габелен, макрамэ, вязанне кручком і батык). Твор вышынёй больш за тры метры і агульнай даўжынёй звыш 25 метраў складаецца з 13 фрагментаў. У працы над ім удзельнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары з 12 краін. Твор з`яўляецца падарункам Полацку ў сувязі з яго 1145‑годдзем.

На выставе дэманструецца і сацыяльна‑мастацкі праект фотамастака Вікторыі Янучкоўскай «Свет казачных вобразаў» — 15 здымкаў дзяцей,

якія знаходзяцца пад апекай грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс», што працуе ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна.

Як адзначыў першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў (БСМ) Рыгор Сітніца, выстава стала традыцыйнай і з`яўляецца своеасаблівым віншаваннем гасцей і жыхароў сталіцы са святам Божага Нараджэння і Новым годам ад БСМ і Палаца мастацтва. Паводле яго слоў, здымкі хворых дзетак у вобразах казачных персанажаў нездарма прадстаўлены на выставе, бо яна з`яўляецца сумесным праектам Беларускага саюза мастакоў і хоспіса. «Калі нам добра, і мы святкуем, вялікі грэх забывацца пра тых людзей, якія патрабуюць нашай дапамогі», — сказаў Сітніца.

Паводле слоў намесніка старшыні БСМ па выставачнай дзейнасці Сержука Цімохава, некаторыя творы, прадстаўленыя на выставе, можна набыць, а частка выручаных грошай пойдзе на падтрымку хоспіса. Ён паведаміў, што ў праграму выставы ўключаны выступленні артыстаў (26.12, 16.00—17.00), дэманстрацыя фільмаў аб дзейнасці хоспіса і мюзікл з удзелам хворых дзяцей і валанцёраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?