Як паведаміла польская «Gazeta Wyborcza», ксяндзам з парафій у Міжэрычах, Воўпе і Індуры не працягнулі працоўнага кантракту. Беларускія ўлады саступілі толькі ў тым, што дазволілі святарам ізноў падаць дакументы для атрымання дазволу на працу ў Беларусі, калі тыя выедуць ў Польшчу.

«Улады нам параілі з’ехаць з Беларусі і адтуль ізноў падаць дакументы. Гэта адзіная саступка пасля ўмяшальніцтва біскупа. Аднак думаю, што гэта толькі адгаворка» — лічыць ксёндз Банкоўскі з Міжэрычаў, які прапрацаваў там 20 гадоў.

Такое меркаванне польскага святара небеспадстаўнае. Звычайна для працягвання дазволу на працу ў Беларусі бывае дастаткова падачы дакументаў у мясцовы Аддзел па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў. У дадзеным выпадку ў гарадзенскі. Дзе сітуацыю з выдаленнем святароў каментаваць адмаўляюцца, аб чым «НН» паведаміў яго кіраўнік Ігар Папоў, спаслаўшыся на немагчымасць каментавання праз тэлефон. Не ўдалося «НН» атрымаць каментар і ў прэс-службе каталіцкага касцёла — там паведамілі, што сёння каментуюць толькі святочную інфармацыю.

Святары павінны пакінуць нашу краіну да 31 снежня, адразу пасля святаў. Досыць своеасаблівы падарунак вырашылі зрабіць вернікам згаданых вышэй парафій чыноўнікі Гарадзенскага аблвыканкама.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?