Папулярызатары айчыннай музыкі, інтэрнэт-партал «Тузін Гітоў» (на старонцы якога, дарэчы, можна задарма і абсалютна афіцыйна зпампаваць рок, фольк, поп і эстраду) выдалі CD-кружэлку з песнямі 12-ці пераможцаў свайго хіт-параду за 2009 год. «Ляпіс Трубяцкой», «Дзецідзяцей», IQ-48, і Лявон Вольскі.

Узнёслыя «Зорачкі» ад «Ляпіса Трубяцкога». Далей - «Голая Манашка» з беспрынцыповай дэпрэснякоўшчынай «Атрута», ніжэй - прасветленая беспрасвеціца ад Neuro Dubel'я, «Трываю». На гэтым з панк-блокам складанка завязвае: на змену ідзе стала пазітыўны J:mopc з кампазіцыяй «Не здавайся!», спрабуючы моцай спеваў і словаў пераконанаць нас (ці Кулінковіча?), За ім — спадчынныя жыццялюбы «Дзецідзяцей» з «Гімнам Моладзі», дзе назва, вядома, сама за сябе: ніхто не спыніць іхняе сонца!

Лявон Вольскі і Ўладзімір Пугач вылучыліся краёвапатрыятычным «Такога няма нідзе». Дарэчы, цікава прасочыць за першай ластаўкай з аднаймённага праекту Лявона, зробленага ў стылістыцы 60- і 70-х.

За Фольк-блок у тузіновай складанцы адбывае Наста Някрасава з адвечнай жальбай пра тое, што вялікі дзень ідзець, а ёй нечага надзець. Да фольку зусім неканвенцыянальным, але ж пераканаўчым шляхам спрабуе падмазацца MAUZER са сваім іншасветным псіхадэлікам «Каляда».

У дадатак да ТОП-12 яшчэ 30 песняў у фармаце МР3 самых розных накірункаў, ад шансона да рэгей: «Адыс-Абэба», UltraВожык, GARADzKIJA , Зміцер Вайцюшкевіч.

Адмыслова для настальгуючых: дэнс-версія старога добрага «Белага снега» ад Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча.

Прэм'ер Тузін-2009. Песні-пераможцы гіт-параду «Тузін Гітоў». «Вестрекордс-плюс», 2009.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?