Фота - Итар-ТАСС.

Сітуацыя на валютным рынку Беларусі напярэдадні калядных і навагодніх святаў захоўваецца спакойная, заявіў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў.

Паводле яго слоў, якіх-небудзь звестак аб павышаным попыце на валюту з боку насельніцтва або адтоку ўкладаў з банкаў пакуль не паступала. У Нацбанку лічаць, што падстаў для ўзнікнення такіх працэсаў зараз няма. Да таго ж, дадаў Драздоў,

банкі ў перыяд святаў традыцыйна «падмацоўваюць» абменныя пункты неабходным аб'ёмам наяўных грошай.

Прадстаўнік Нацбанка падкрэсліў, што чарговы, чацвёрты, транш крэдыту МВФ у прамеры прыблізна 688 млн. даляраў, які паступіў 23 снежня ў Беларусь, залічаны ў склад золатавалютных рэзерваў краіны і пры неабходнасці будзе выкарыстоўвацца на падтрымку курсу беларускага рубля.

У пачатку гэтага тыдня Нацбанк заявіў пра адсутнасць планаў разавых зменаў курсу беларускага рубля. Сёлета курс беларускага рубля прывязаны да кошту кошыка, які складаецца з даляра ЗША, еўра і расійскага рубля. Пры гэтым ваганні курсу абмяжоўваюцца рамкамі плюс/мінус 10% у дачыненні да цэнтральнага значэння, устаноўленага 2 студзеня 2009 года.

***

Зараз узровень зніжэння курсу беларускага рубля ў адносінах да цэнтральнага значэння кошту кошыка валют складае прыкладна 8%.

Нацбанк заяўляе пра планы «захаваць курс беларускага рубля ў адносінах да кошыка валют як у канцы 2009-га, гэтак і ў пачатку 2010 года на цяперашнім ўзроўні».

Як раней паведамлялася, за дзесяць месяцаў 2009 года насельніцтва Беларусі купіла валюты ў банках на 781,4 млн. даляраў ЗША больш, чым прадало. У прыватнасці, насельніцтвам было куплена ў банкаўскіх установах 5 млрд. 767,5 млн. даляраў, а прададзена банкам 4 млрд. 986,1 млн. даляраў.

Пры гэтым у Нацбанку зазначаюць, што сёлета асноўны аб'ём чыстага попыту насельніцтва на інвалюту прыпаў на студзень і склаў 588 млн. даляраў ЗША, што было абумоўлена «праведзенымі ў пачатку 2009 года зменамі ў курсавой палітыцы».

Паводле вынікаў таргоў замежнымі валютамі 24 снежня на Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра знізіўся на 17 рублёў і склаў 2.858 рублёў. Курс расійскага рубля ўзрос на 1,23 рубля да 95,49 беларускіх рубля за адзін расійскі. Біржавыя таргі па еўра не праводзіліся.

У адносінах да валютнага кошыка беларускі рубель знізіўся на 0,27% у параўнанні з папярэднім значэннем: кошт кошыка склаў 1.038,35 рубля супраць 1.035,52 рубля днём раней. У параўнанні з устаноўленай на пачатак года велічынёй (960 рублёў) курс рубля да кошыка валют знізіўся на 8,16%.

З моманту праведзенай 2 студзеня аднаразовай 20-працэнтнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты курс беларускага рубля да даляра ўпаў на 7,85%, да еўра — на 10,78%, да расійскага рубля — на 5,91%.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?