Сёлета спаўняецца 340 гадоў з дня смерці, а ў 2010 годзе будуць адзначаныя 390-я ўгодкі знакамітага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, мецэната і таленавітага творцы князя Багуслава Радзівіла (1620–1669). Даты ня вельмі круглыя, але ўдзячныя жодзінцы арганізавалі чытанні, прысвечаныя памяці заснавальніка іх горада. Праводзяцца яны з ініцыятывы краязнаўчага музея і называюцца «Роля роду Радзівілаў у гісторыі Беларусі».

Гарадскі этап чытанняў праходзіў у Маладзёвым цэнтры. На ім былі прадстаўлены два дзесяткі прац і даследванняў, прызнаных самымі цікавымі ў школах і іншых навучальных установах горада. Паліна Салівончык прадставіла радавод «Я з роду Радзівілаў», Алесь Шастаковіч зачытаў рэферат «Жанчыны роду Радзівілаў», Ксенія Ляўко і Кацярына Толкач прэзентавалі даследванне «Княгіня Марыя Магдаліна Радзівіл — беларуская патрыётка і мецэнатка», Кацярына Мельнік зачытала эсэ «Паланэз № 13 ля мінор», Ганна Лахоўская абнародвала даследванне «Радзівілы на абшарах Вялікага Княства Літоўскага», а Міхась Краўцэвіч выступіў з паведамленьнем «Радзівілаўская сімволіка ў геральдыцы»,

З асаблівай і зразумелай цікавасцю былі ўспрынятыя даследванне Марыны Гардзейка «Багуслаў Радзівіл», відэапраект Лізаветы Тарасевіч і Юліі Машковіч «Знаёмства з Багуславам Радзівілам», архітэктурны праект Паліны Сіваковай і Любові Сіліч «Плошча і праект помніка Багуславу Радзівілу», а таксама праект «Карчма-музей «У Багуслава» Насты Мартысюк, Антона Гары, Ксеніі Калесьнікавай, Насты Красоўскай і Марка Грыня.

У красавіку 2010 года ў Жодзіне будзе праведзены другі, міжнародны этап чытаньняў, удзел у якім возьмуць знакамітыя айчынныя і замежныя вучоныя, дасьледчыкі, краязнаўцы, літаратары і мастакі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?