Падчас прэс-канферэнцыі 30 снежня Лукашэнка шмат разоў успомніў Пятра Марцава. Чым абгрунтаваная такая ўвага з боку кіраўніка дзяржавы? Мы пра гэта запыталіся ў самога журналіста.

«Наша Ніва»: Як так выйшла, што прэс‑канферэнцыя фактычна пераўтварылася ў дыялог Лукашэнкі з Марцавым? Адкуль такая цікавасць да Вас?

Пятро Марцаў: Не было ніякага дыялогу. Мяне Лукашэнка ўспамінаў і да месца, і не да месца. Можа быў рады бачыць. Апошні раз у падобных мерапрыемствах удзельнічаў у 1997 годзе. Засумаваў вось без мяне кіраўнік дзяржавы. Яшчэ я насамрэч сядзеў насупраць яго, дык магчыма, што і гэта прычына такой увагі.

«НН»: А Вам праз гэта было няёмка, ці наадварот прыемна?

ПМ: Ды ніяк.

Проста Лукашэнка дэманстраваў аратарскія прыёмы. Большасць пытанняў былі па сацыяльна‑эканамічнай тэме. Гэта і зразумела. А вось сур’ёзных палітычных, біржавых пытанняў не было. І вось вылучаючы некага з залі, увесь час звяртаючыся да яго, ён спрабаваў разварушыць публіку. Каб быў меншы досвед, то палез бы ў дыскусію.
А нельга ператвараць прэс‑канферэнцыю ў размову двух чалавек.

«НН»: А чаму «БДГ» паклікалі на падобнае мерапрыемства пасля такой вялікай паўзы?

ПМ: Шчыра скажу, што не ведаю. Можа гэта ў сувязі з дыялогам уладаў з незалежным грамадствам. Звярнула ўвагу, што кіраўнік краіны недарэчна змяшаў мяне з апазіцыяй, з выбарамі.

Я ў ягоным разуменні атаясамляўся з апазіцыяй.

«НН»: А якія ўвогуле ўражанні пакінула прэс‑канферэнцыя?

ПМ: Як звычайна. Прэзідэнт адказваў шчыра, адкрыта. Пытанні ж былі вялыя, сумныя. Цяжкавата было ўсё гэта ўспрымаць. Я лічу, што трэба прэс‑канферэнцыі і пытанні рыхтаваць. Нічога кепскага, што пытанні будуць ведаць загадзя. Абы было цікава.

«НН»: А што асабіста для сябе важнага падкрэслілі з гэтай сустрэчы?

ПМ: Абсалютна новага я нічога не пачуў. Хіба што вылучаўся ягоны адказ адносна глыбіні і хуткасці рэформаў. Маўляў, я гатовы, але народ не гатовы. Але ён таксама не здзівіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?