У Тураве дагэтуль зь зямлі растуць крыжы. Рэпартаж Веранікі Дзядок.

Усясьвяцкая царква – сёньня адзіная ў Тураве. Пачатак жніўня – разгар працы для царкоўнага кухара. Ён закатаў салаты на зіму, а летнім гасьцям варыць кампоты. Тут жа, пры царкве, вырошчваюцца і гуркі.

Будні дзень, паломнікаў – усяго пара чалавек зь Менску. А на вялікія сьвяты бывае па 12 аўтобусаў. Таму так важная кухня – усіх паломнікаў трэба накарміць. Царкоўны кухар – пасада не такая ўжо вялікая, але ж каму, як ня тураўцам, ведаць, што не вялікім ярархам, а ўсяго толькі кухарам у тураўскіх япіскапаў быў Марцін, які шануецца як адзін з трох тураўскіх сьвятых.

Месцам паломніцтва Ўсясьвяцкая царква стала дзякуючы знакамітым тураўскім крыжам. Яны, вераць тут, ацаляюць ад духоўных і фізычных хваробаў. А яшчэ яны прыплылі з Кіева супраць плыні – нідзе ж паблізу такога граніту няма. А ў 1937-м – кажуць людзі – камуністы зноў кінулі іх у раку. А крыжы выплылі. І іх падчапілі мясцовыя рыбакі. Камуністы спрабавалі зноў біць крыжы, але ўрэшце ім надакучыла такое змаганьне, і крыжы кінулі пад капліцай. Так яны і дажылі да нашага часу.

Усяго вядома больш за дзесяць «крыжыкаў», як кажуць мясцовыя людзі. Два знаходзяцца ў суседніх з Туравам вёсках, яшчэ два – у Гомельскім краязнаўчым музэі. Два стаяць ва Ўсясьвяцкай царкве. Настаяцель айцец Аляксандар тут нядаўна, але і ён ужо верыць, што крыжы жывыя і людзей ацаляюць.

А лепей за ўсіх гісторыю крыжоў і царквы ў Тураве ведае царкоўны стараста Валера. Ён называе сябе менавіта так, як мага прасьцей, так вучыць яго ягоны духоўны айцец. Валера – карэнны туравец, ён з задавальненьнем паказвае сьвятыні гасьцям. Валера кажа, што месца тут асаблівае, нават ня кожны бацюшка вытрымае, бо ў сьвятым месцы шмат спакусаў.

Усіх паломнікаў ён абавязкова вядзе на Барысаглебскія могілкі. Тут яшчэ адзін крыж – ён расьце зь зямлі. Як кажа паданьне, у тым жа 1937-м раб божы Іван вылавіў у вадзе адзін з тых, кінутых камуністамі ў раку крыжоў. Спужаўшыся перасьледу, ён закапаў яго на могілках. Крыж пачаў расьці ў канцы 1980-х. Прычым і ўшыркі таксама. Штогод яго мераюць, кажуць людзі. Хто мерае – не ўдакладняюць. Навошта цуду дакладныя лічбы і адсоткі?

Краінай Крыжоў называлі сваю зямлю жмудзіны. Тураўшчына мае поўнае права называцца гэтак жа.

Лічыцца, што крыжык расьце на месцы, дзе некалі стаяла кельля сьвятога Лаўрэна, біскупа Тураўскага. Капліца, адпаведна, пазначае месца пустэльніцтва сьвятога Марціна. А на самым высокім месцы могілак стаіць колькімэтровы драўляны крыж – акурат тут быў аўтар царквы Барысаглебскага манастыра (паводле іншай вэрсіі, стоўп Кірылы Тураўскага). Драўляны крыж, вераць людзі, спэцыялізуецца на рэўматызьме: здымае варта толькі пацерціся аб яго сьпінай.

Агароджу крыжыка, які расьце, упрыгожваюць, паводле палескай традыцыі, атлясныя стужкі. На іншых магілках зіхацяць рознымі колерамі яркія хусткі. Над крыжам паставілі павець, там жа стаіць скарбонка. Яе некалькі разоў разьбівалі, спрабавалі таксама сарваць замок з каплічкі. Валера арганізаваў дзяжурства на могілках. Цяпер пра іх дбае мясцовая моладзь. А вось у новым музэі, пабудаваным на гары насупраць могілак, марадэры пасьпелі нават разьбіць акно. Музэй быў пастаўлены тут перад Сьвятам беларускага пісьменства і друку й хавае пад сабой фундамэнт старажытнага тураўскага храму.

У Тураве знаходзіцца адміністрацыя нацыянальнага парку «Прыпяцкі», аднак аб’ектаў для разьмяшчэньня турыстаў у горадзе вобмаль. Прыяжджаюць замежнікі, якім тут арганізуюць паляваньне, ды паломнікі – пакланіцца крыжам.

У цэнтры Турава вісіць праз галоўную вуліцу расьцяжка «Беларусь – дзяржава для людзей». Аднак нават сьвяткаваньні славянскага пісьменства, якія праходзілі тут двойчы – у 1995-м і 2004-м, – мала чым зьмянілі жыцьцё. Тут па-ранейшаму жывуць з гуркоў і капусты. Сёлета вырошчваць капусту нават выгадней, чым гуркі. Закупачная цана на гуркі – усяго 250 рублёў за кілё. Прыяжджаюць закупшчыкі нават з Расеі. Валера пасьля экскурсіі па тураўскіх сьвятынях таксама вяртаецца да гуркоў. У дарогу ён кожнаму дорыць нацельны крыжык.

Фота Веранікі Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0