4 жніўня

Маскоўскі суд Менску аштрафаваў пастара царквы «Новае жыцьцё» Вячаслава Ганчарэнку на 30 базавых велічыняў за набажэнства 4 чэрвеня. Паведамленьне пра штраф прыйшло поштай. Тым часам 11 жніўня рэлігійная грамада напісала ліст да А.Лукашэнкі з просьбай дапамагчы вырашыць пытаньне з царкоўным будынкам, які хоча прыўлашчыць Менгарвыканкам.

9 жніўня

Берасьцейская таксістка Любоў Разановіч зь Берасьця спыніла галадоўку па стане здароўя. Разам зь ёй спынілі яшчэ 5 таксоўшчыкаў. Астатнія 9 галадоўнікаў датрымалі акцыю да 14 жніўня, калі іхныя дакумэнты абласное начальства адправіла ў Менск.

Пад Смургонямі ўлады ліквідавалі дзіцячы пратэстанцкі летнік. Дзяцей на аўтобусе вывезьлі ў Менск.

10 жніўня

Падатковая інспэкцыя запатрабавала з ГА «Цэнтар сацыяльных інавацыяў» падаткі за грошы, атрыманыя па праграме TACIS у 2003–2004 г. Агульная сума перавышае 22 млн руб.

У Баранавічах Юлію Харкевіч аштрафавалі на 20 б.в. (620 тыс. рублёў) за «арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства»: 16 ліпеня яе затрымалі падчас акцыі Дзень салідарнасьці.

Анатоля Лябедзьку, Ігара Шынкарыка і Ўладзімера Шанцава затрымалі ў Магілёве, калі яны ехалі на сустрэчу з Артурам Фінькевічам. Самога палітвязьня вывезьлі на працу за Магілёў, каб не сустракаўся ні з кім.

У Пінску падчас распаўсюду «Народнай волі» затрымалі Аляксандра Рамановіча: у яго канфіскавалі газэты і склалі пратакол.

11 жніўня

Палітвязьня Аляксандра Шалайку перавялі ў камэру з горшымі ўмовамі – у сутарэньні турмы і бяз вокнаў. Хлопец стаў пачувацца горш бязь сьвежага паветра. Актывістаў «Партнэрства» і іншых беларускіх палітвязьняў заклікаў вызваліць Эўразьвяз. Адвакаты Міколы Астрэйкі і Цімоха Дранчука 14 жніўня падалі апэляцыі на прысуд.

Стала вядома, што з 27 ліпеня бяз працы ў Бабруйску застаўся Алесь Чыгір, лідэр нацыянальнага руху ў Бабруйску: афіцыйная падстава – «скончыўся тэрмін працоўнае дамовы».

Валеры Шаўчэнка і Ігар Сухарукаў падалі ў Наваполацкі суд скаргу на гарвыканкам, які не дазволіў праводзіць пікеты ў абарону палітвязьняў з 26 красавіка па 26 чэрвеня каля гарадзкога палацу культуры.

На чарговым паседжаньні ў справе недзяржаўнай газэты «Витебский курьер-М» лінгвіст зь Менску Аксана Шчарбакова цьвердзіла, што газэта не абразіла камэрсанта. Пазоўнік выклікаў свайго экспэрта – выкладчыка ангельскай мовы. Наступнае паседжаньне адбудзецца 5 верасьня. У рэдакцыю выданьня прыйшоў ліст з пагрозамі, падпісаны РНЕ.

12 жніўня

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі на вуліцы Гомелю Сяргея Сямёнава. Пракурор Вікторыя Сергіенка адмыслова выйшла на працу ў выходны дзень, каб вынесьці моладзеваму актывісту папярэджаньне пра недапушчальнасьць дзеяньня ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

14 жніўня

Дэпутат Бабруйскага гарсавету і лідэр суполак Партыі БНФ, БАЖ і БГК Вячаслаў Сьвізуноў абскардзіў у судзе сваё звальненьне з пасады дырэктара Ленінскага раённага жылкамунгасу. Ён лічыць, што яго звольнілі за палітычную актыўнасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?