Пацяпленне, якое прыйшло ў Беларусь на гэтым тыдні, будзе нядоўгім.

Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў 5 студзеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, ужо ў пачатку другой дэкады студзеня беларусы зноў адчуюць зімовыя маразы, якія прыйдуць на тэрыторыю краіны са скандынаўскім антыцыклонам.

Тэмпература паветра (у асноўным па паўночнай палове Беларусі) будзе апускацца да мінус 18—25°С, аднак у канцы другой — пачатку трэцяй дэкады студзеня маразы аслабнуць, а прыкладна 25‑26 студзеня зноў пахаладае.

***

На гэтым тыдні ў Беларусі чакаюцца складаныя ўмовы надвор’я. Паводле слоў Рабава, ужо днём 6 студзеня ў сувязі з паўднёвым цыклонам на большай частцы краіны будзе ісці снег, месцамі — моцны снег. Чакаюцца снежныя заносы, парывісты вецер, галалёдзіца. Адбудзецца аслабленне маразоў: калі ноччу 6 студзеня тэмпература будзе мінус 7—14°С, то днём — мінус 1—8°С.

Як паведаміў сіноптык,

складаныя ўмовы надвор’я захаваюцца ў ноч на Каляды: будзе ісці снег, месцамі моцны снег і завіруха. На дарогах будуць утварацца снежныя заносы, чакаецца таксама парывісты вецер.

Тэмпература паветра ад 0 да мінус 7°С. Днём 7 студзеня надвор’е палепшыцца: снег будзе не такім інтэнсіўным, тэмпература паветра ад мінус 4 °С да плюс 2 °С. Спецыяліст адзначыў, што такая тэмпература вельмі садзейнічае ўтварэнню галалёдзіцы, таму грамадзянам і асабліва вадзіцелям рэкамендуецца захоўваць усе меры перасцярогі.

Паводле слоў Рабава, 8 студзеня чакаецца невялікае зацішша. У начныя часы крыху падмарозіць — да мінус 4—11 °С, а ў суботу, 9 студзеня, чарговы паўднёвы цыклон зноў прынясе непагадзь. На большай частцы тэрыторыі будуць праходзіць ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, будуць назірацца галалёдныя з’явы, парывісты вецер, тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад мінус 3 да плюс 3 °С.

У цэлым у студзені сярэднямесячная тэмпература паветра чакаецца каля кліматычнай нормы — мінус 5—8 °С. Колькасць ападкаў мяркуецца прыблізна роўнай сярэднім шматгадовым значэнням — 32—46 мм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?