Дзеячы культуры, эксперты і журналісты збяруцца ў Германіі, каб абмеркаваць пытанні развіцця беларускай культуры.

У лютым непадалёку ад нямецкага горада Гётынген пройдзе сесія-семінар «Сфера культуры: ацэнка стану, перспектывы развіцця». Цягам некалькіх дзён беларускія дзеячы культуры, эксперты, крытыкі, прадстаўнікі прадзюсерскіх цэнтраў, выдавецтваў, СМІ будуць ацэньваць айчынную культуру, каб пасля прадставіць мадэлі для яе далейшага развіцця.

Сесія-семінар арганізоўваецца Агенцтвам гуманітарных тэхналогій па ініцыятыве міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», кампаніі «Будзьма!», Беларускага калегіума, сайта «Новая Еўропа», Народнай вышэйшай школы Марыяшпрынг (Германія). Праходзіць яна будзе ў выглядзе арганізацыйна-дзейснай гульні.

Кіраўнікі гульні Уладзімір Мацкевіч кажа, што гэта «найлепшая форма інтэлектуальнай дзейнасці, якая існуе сёння.

Праблемы такога ўзроўню не могуць вырашыць простыя семінары. Мы бачым неэфектыўнасць працы, калі прыязджае замежны спецыяліст і пераказвае чужы досвед».

Чаму нельга правесці падобную гульню ў Беларусі? Сп. Мацкевіч тлумачыць гэта тым, што ўдзельнікі павінны цалкам пагрузіцца ў працу, каб не было нейкіх вонкавых перашкод. У Беларусі, дзе ў кожнага ёсць праца, сям’я, гэта зрабіць не атрымліваецца. Таму трэба выязджаць за мяжу.

Кіраўніка Беларускага калегіума Алеся Анціпенку зацікавіла тэхніка правядзення сесіі-семінара. «Гэта незвычайная тэхніка. Таму ёсць цікавостка. Вызначаных чаканняў няма. Які будзе вынік, не ведаю. Але любы вынік будзе карысным».

Каардынатар кампаніі «Будзьма!» Ніна Шыдлоўская ўпэўнена ў практычных выніках гульні. «Адбор удзельнікаў паказвае, што вынікі могуць быць нечаканымі.

Ёсць ракурсы, якія ў культуры мы не бачым. Таму спадзяемся, што гульня дапаможа нам звярнуць увагу на гэтыя аспекты ў далейшай працы».

Уладзімір Мацкевіч, які мае досвед у правядзенні арганізацыйна-дзейсных гульняў, перакананы, што «вынікі абавязкова будуць. У залежнасці ад саміх людзей вынікі могуць быць больш ці менш станоўчымі». Ён кажа пра тое, што падчас групавой працы ўдзельнікі могуць выпрацаваць праграму ці стратэгію, якая будзе скіравана на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці рэсурсаў розных суб’ектаў і дзеячаў культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?