У Беларусі пачалася вакцынацыя супраць грыпу А (H1N1).

Як паведаміла загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская, першыя прышчэпкі супраць новага віруса былі зроблены 5 студзеня ў некаторых сталічных медустановах.

6 студзеня вакцынацыя праводзіцца ўжо ва ўсіх паліклініках Мінска.

Прышчэпкі робяцца расійскай вакцынай «Інфлювір», якая павінна быць уведзена двухразова. Найперш прышчэпку атрымліваюць работнікі арганізацый аховы здароўя і служб, якія забяспечваюць іх бесперапыннае функцыянаванне жыццёва важных сістэм (МНС, транспарт, ЖКГ і інш.).

«Калі з просьбай аб прышчэпцы звяртаецца хтосьці, хто не ўваходзіць у гэту групу, мы, як правіла, імкнемся не адмаўляць — вакцыны пакуль дастаткова»,

— адзначыла Глінская.

Паводле яе слоў, вакцынацыя праводзіцца бясплатна і працягнецца да 1 лютага.

Усяго ў Мінску за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту плануецца прышчапіць прыкладна 60 тыс. чалавек.

Як паведамілі ў аддзеле гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя, у бліжэйшыя дні вакцынацыя супраць грыпу А (H1N1) пачнецца ў іншых гарадах Беларусі. Усяго за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту закуплены 1 млн. доз «Інфлювіру» для вакцынацыі 500 тыс. чалавек.

Плануецца таксама закупіць дадатковую колькасць доз вакцыны супраць грыпу А (H1N1) за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. Заяўкі на вакцыну прымае Гандлёва‑вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белфармацыя».

Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, зараз у Беларусі захворванне на ВРВІ і грып ніжэйшае за эпідэмічны ўзровень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?