Міністэрства культуры не выключае захавання гістарычных будынкаў першай мінскай электрастанцыі і адаптацыю іх у будучы гатэльны комплекс.

Гісторыя з пабудовай побач з цыркам гатэльнага комплексу «Кемпінскі» абрастае новымі падрабязнасцямі. Старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч атрымаў ліст ад намесніка міністра Мінкультуры Віктара Кураша, у якім вядзецца пра магчымае захаванне помніка прамысловай архітэктуры ХІХ ст. — будынкаў першай мінскай электрастанцыі — у складзе будучага гатэльнага комплексу. З ліста вынікае, што

пытанне аб выключэнні помніка з Дзяржспісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрствам культуры сумесна з Мінгарвыканкамам разглядалася па даручэнні Саўміну.
Аднак Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры спаслалася на адсутнасць прававога абгрунтавання і прыняла рашэнне аб немагчымасці выключэння былой электрастанцыі з Дзяржспісу. Так, у п. 1 рашэння Рады ад 16 верасня 2009 г. №159 адзначана, што
комлекс былой электрастанцыі знаходзіцца на тэрыторыі, якая вызначаецца надзвычай высокім гісторыка-культурным патэнцыялам і з’яўляецца неад’емным элементам забудовы ансамбля праспета Незалежнасці.
Быў адзначаны і той факт, што эксперты ЮНЭСКА падтрымалі ўключэнне намінацыі «Архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці» ў папярэдні спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны.

Адначасова сябры Рады прызналі магчымым пабудову ў раёне цырка гатэльнага комплексу пры ўмове «рэканструкцыі з рэстаўрацыяй азначанага помніка, абмежаванняў па вышыні плануемых збудаванняў і выканання міжнародных рэгламентаў».

15 кастрычніка прадстаўнікі Мінгарвыканкаму, Мінкультуры, маскоўскай архітэктурнай майстэрні «SPeeCH» і кампаніі

«Кемпінскі» абмеркавалі падыходы па праектванні будучага гатэльна-дзелавога комплексу

«з улікам правядзення даследаванняў комлексу былой электрастанцыі, выяўлення элементаў і канструкцый помніка архітэктуры 1895-1912 гг. і захавання іх у складзе ствараемага аб’екта».
Акадэмія навук пры гэтым указала на неабходнасць навуковага забеспячэння не толькі будаўнічых, але і перадпраектных і праектных працаў на аб’ектах, уключаных у спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей.

У выніку, спаслаўшыся на замежны вопыт рэканструкцыі і прыстасавання аб’ектаў прамысловай архітэктуры, у тым ліку і з уключэннем іх у аб’екты сучаснага будаўніцтва, Мінкультуры не выключыла магчымасці рэалізацыі «сучасных архітэктурных рашэнняў» на ўчастку ў межах праспекта Незалежнасці, вуліцы Янкі Купалы і ракі Свіслач непадалёк ад Белдзяржцырка.

«У ходзе праектавання на прылеглай тэрыторыі шматфункцыянальнага цэнтра, зыходзячы з дзеючых у сусветнай практыцы правіл, неабходна забяспечыць экспанаванне гістарычных будынкаў і іх адаптацыю ў сучасны архітэктурны ансамбль», — гаворыцца ў лісце.

Нагадаем, што пры канцы лістапада 2009 года ў часе абмеркавання перспектыў развіцця беларускай сталіцы Аляксандр Лукашэнка ўхваліў падкарэктаваны генеральны плана Мінска да 2030 года. Адабрэнне атрымалі сярод іншых і планы пабудовы новага шматфункцыянальнага комплексу з гатэлем «Кемпінскі». Комплекс мае паўстаць у 2013 годзе на ўчастку ў межах праспекта Незалежнасці, вуліцы Янкі Купалы і ракі Свіслач непадалёк ад Белдзяржцырка.

Глядзі яшчэ:
Як будзе выглядаць гатэль «Кемпінскі» ў Мінску

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?