У цэлым 2009 год не прынёс значных змяненняў у медыясферы, а 2010-ты абяцае быць вельмі няпростым для незалежнай прэсы.

У канцы 2009 года ў прэсу трапіў праект указа аб рэгуляванні беларускага сегмента сеткі Інтэрнет, а газета «Народная воля» атрымала другое за кароткі час папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Гэтыя падзеі зноў прыцягнулі ўвагу да пытанняў свабоды слова і дзейнасці журналістаў у Беларусі.

Як адзначыла ў інтэрв’ю БелаПАН старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жанна Літвіна, нейкіх глабальных змяненняў у пытаннях свабоды слова, дзейнасці недзяржаўных СМІ ў краіне за мінулы год не адбылося.
«Хоць калі пачынаўся год, вельмі шмат было аптымістычных перадумоў. Мы гатовы былі да адкрытага дыялогу, адбыўся шэраг сустрэч, круглых сталоў, на якіх разам з прадстаўнікамі ўлад мы абмяркоўвалі праблемы інтэрнета, закона аб СМІ», — сказала кіраўнік БАЖ.

Акрамя таго, адзначыла Літвіна,

была створаная Грамадская каардынацыйная рада ў сферы СМІ, на якую ўскладаліся вельмі вялікія надзеі. «Спачатку я таксама, напэўна, перабольшвала яе ролю. Яна мне падавалася, перадусім, як орган самарэгулявання СМІ. Аднак усё гэта так і засталося надзеямі», — падкрэсліла суразмоўца.

Згодна з яе ацэнкай, 2009-ты стаў «годам няздзейсненых надзей». «Я маю на ўвазе нашы прафесійныя праблемы, — растлумачыла Літвіна.

— Па сутнасці, не змянілася сітуацыя з распаўсюджваннем незалежных выданняў. Акрамя таго, засталася і праблема доступу да інфармацыі».

Сярод найбольш важных для медыясупольнасцей Літвіна назвала таксама праблему акрэдытацыі. З ёй сутыкаюцца журналісты, якія працуюць на замежныя СМІ, а таксама тыя, хто спрабуе акрэдытавацца пры мясцовых органах улады.

Яшчэ адна балючая тэма — усякага роду перашкоды для выканання прафесійных абавязкаў. У прыватнасці, кіраўнік БАЖ нагадала, што на некалькіх апазіцыйных акцыях супрацоўнікі спецслужбаў перашкаджалі фота- і відэажурналістам праводзіць здымку.
«У канцы 2009 года з’явіўся праект указа па рэгуляванні Інтэрнету, — адзначае Літвіна.
— Рэгуляваць і браць пад кантроль Інтэрнет — бессэнсоўная задума, якая ў выніку асуджана на правал».

Разам з тым, лічыць яна, заўзятасць чыноўнікаў можа нашкодзіць свабодзе слова ў беларускім сегменце сеткі.

Прагназуючы, як будзе развівацца сітуацыя ў сферы СМІ ў новым годзе, Літвіна адзначыла, што сённяшнія тэндэнцыі «не ўсяляюць радасных настрояў». Паводле яе слоў, на недзяржаўных СМІ можа сур’ёзна адбіцца эканамічны крызіс. «Недзяржаўныя масмедыя не могуць разлічваць на падтрымку з бюджэту, падатковыя паслабленні, а колькасць рэкламадаўцаў скарачаецца», — сказала яна.

Акрамя таго, сур’ёзным выпрабаваннем могуць стаць дзве выбарчыя кампаніі — выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і выбары прэзідэнта. «У выніку выбарчых кампаній беларуская журналістыка нясе незаменныя страты, — падкрэсліла Літвіна. — Пасля кампаніі 2001 года мы страцілі 25 грамадска-палітычных газет, якія закрываліся або самі, або ў судовым парадку. Напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2006 года 19 выданняў пазбавіліся магчымасці распаўсюджвацца праз „Белпошту“ і саюздрук. І гэта праблема дагэтуль не вырашана».

Яна адзначыла, што новы закон аб СМІ дазваляе закрыць выданне пасля вынясення двух папярэджанняў на працягу года. Гэта норма, на думку кіраўніка БАЖ, падштурхоўвае недзяржаўныя СМІ да самацэнзуры.
«Цэлыя рэдакцыйныя калектывы пачынаюць асцярожнічаць і ўводзіць самацэнзуру, што адбіваецца на прафесійным выкананні журналісцкага абавязку», — мяркуе яна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?