У палітычных партый адсутнічае воля да перамогі на выбарах. Такое меркаванне старшыня Цэнтравыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына выказала 12 студзеня ў Мінску, адказваючы на пытанні журналістаў.

Паводле слоў кіраўніка ЦВК, ёй бы хацелася верыць у лепшае, гэта значыць у тое, што палітычныя партыі будуць адыгрываць больш прыкметную ролю на выбарах. «Але для актыўнага ўдзелу партый у выбарах неабходна, каб у іх былі такія ж актыўныя члены. Пакуль у партый у Беларусі будуць адсутнічаць гэтыя якасці, у іх кіраўніцтва адсутнічаць жаданне актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, то і выніку ў іх не будзе», — лічыць Ярмошына.

***

Мясцовыя выбары ў Беларусі пройдуць без міжнароднага назірання, заявіла Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, у кожнай краіны павінна быць паслядоўная тактыка і практыка прыцягнення міжнародных назіральнікаў на выбары. «У Беларусі на мясцовыя выбары міжнародныя назіральнікі не запрашаюцца. Калі мы адзін раз запросім, то не зможам адмовіцца ад гэтай практыкі», — сказала яна.

Ярмошына адзначыла,

што ў свеце запрашэнне міжнародных назіральнікаў на мясцовыя выбары не практыкуецца, хоць гэта і не забаронена.

Кіраўнік ЦВК паведаміла, што часткова ў якасці міжнародных назіральнікаў на выбарах, якія адбудуцца ў другой палове красавіка, можна будзе разглядаць супрацоўнікаў пасольстваў, а таксама замежных гасцей, запрошаных па лініі парламенцкіх і рэгіянальных сувязяў.

«Аднак казаць пра міжнароднае назіранне як пра адметную рысу выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы не даводзіцца», — падкрэсліла яна.

Нагадаем, раней прадстаўнікі дэмсіл Беларусі заклікалі міжнародныя арганізацыі наладзіць назіранне на мясцовых выбарах. Так, палітсавет Аб’яднанай грамадзянскай партыі на пасяджэнні 26 лістапада прыняў адозву да АБСЕ з просьбай накіраваць у Беларусь місію назіральнікаў на выбары ў мясцовыя саветы. Ярмошына, у сваю чаргу, падкрэсліла, што прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ могуць прыехаць толькі паводле афіцыйнага запрашэння ЦВК, і назвала заклікі апазіцыі правакацыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?