35-гадовага будаўніка арыштавалі 7 студзеня за вывешванне бел‑чырвона‑белага сцяга на найвышэйшай навагодняй яліне краіны.

Сяргей Каваленка з сынам.

Сяргей Каваленка з сынам.

Каб зняць сцяг з 45-метровай яліны, выклікалі кран.

Каб зняць сцяг з 45-метровай яліны, выклікалі кран.

Вызвалілі яго з віцебскага СІЗА прыкладна а 18-й вечара. Раней паведамлялася, што Каваленку змясцілі ў следчы ізалятар на 2 месяцы. Супраць апазіцыянера заведзеная крымінальная справа па артыкуле 339 частка 2 (хуліганства, здзейсненае паўторна, або групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, якой спыняліся хуліганскія дзеянні, альбо спалучаны з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае зняволенне да 6 гадоў.

Па вызваленні з СІЗА актывіст КХП‑БНФ Сяргей Каваленка адказаў на пытанні «Нашай Нівы».

«Наша Ніва»: Сяргей, на якіх умовах вас вызвалілі?

Сяргей Каваленка: На ўмовах падпіскі аб нявыездзе, а таксама добрых паводзін. Пастанову падпісаў выконваючы абавязкі пракурора Кастрычніцкага раёна Галызаў.

«НН»: А чаму так нечакана?

СК: Думаю, што справа атрымала вялікі рэзананс. Яшчэ ўчора мяне прызначылі дзяжурным па камеры, а сёння вызвалілі. Калі б у СІЗА ведалі пра вызваленне, то дакладна б мяне не прызначалі. Напэўна, прыйшла каманда зверху.

«НН»: А як вялося следства?

СК: Быў адзін допыт. А таксама вочная стаўка з амапаўцамі, якія мяне затрымлівалі. Я сказаў, што буду размаўляць толькі па‑беларуску. Дык следчая сказала, што недастаткова разумее беларускую мову, і ёй патрэбны перакладчык.

«НН»: А прызналіся, што вывешвалі сцяг?

СК: Вядома! Чаму не прызнавацца? Для мяне гэта справа гонару.

«НН»: І не цяжка было залезці на ёлку?

СК: Для мяне лёгка і не страшна. Я досыць натрэніраваны чалавек.

«НН»: А як затрымалі?

СК: Калі злазіў з ёлкі, знізу ўжо стаялі двое амапаўцаў. Адразу пачалі збіваць, адзін абяцаў мяне абас…ць.

«НН»: А чаму ўвогуле вырашылі вешаць сцяг?

СК: Гэта плошча, цэнтр горада. Я лічу, што палітычныя акцыі трэба праводзіць у месцах, дзе шмат людзей. Яшчэ добра вывешваць сцягі на прыпынках. Гараджане павінны бачаць апазіцыю не толькі ў газетах і інтэрнэце, а то ў іх складваецца ўражанне, што апазіцыянеры толькі грошы дзеляць.

«НН»: А якія ўмовы былі ў турме?

СК: Дрэнныя ўмовы. Затое сядзеў разам з добрымі людзьмі. Мянты паводзяць сябе з вязнямі як з скатамі. Спрабуюць зламаць псіхалагічна.

«НН»: А што цяпер, які ваш прагноз?

СК: Не ведаю. Думаю, што мая справа будзе вырашацца вышэй, чым у віцебскім судзе. Цяпер мушу з’яўляцца да следчага па позвах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?