Прычынай для закрыцьця менскіх структураў партыі апазыцыйных камуністаў стала парушэньне ў 1999 г. нормаў ад… 2005 году аб юрыдычных адрасах партыйных сталічных арганізацый.

У кіраўніцтве партыі зьдзіўленыя тым фактам, што яны абвінавачваюцца ў парушэньні сямігадовай даўніны. Пры гэтым, у 2005 г. ПКБ атрымала новыя пасьведчаньні аб рэгістрацыі, і тады ніякіх прэтэнзій не было. У ПКБ заявілі, што партыя ў поўнай меры адпавядае новай рэдакцыі закону аб палітычных партыях.

У 2005 г. у Беларусі было ўведзена патрабаваньне рэгістрацыі ўсіх палітычных партый толькі ў нежыльлёвым фондзе. ПКБ пасьпяхова правяла перарэгістрацыю ўсіх сваіх ячэек. У сувязі з гэтым кіраўніцтва партыі выказала пратэст з-за ўжываньня Менгарвыканкамам нормаў 2005 г. да 1999 году.

На думку ПКБ, гэта незаконна і абсурдна.

Калі рашэньне ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму будзе пакінута ў сіле, і партыя ня зможа даказаць сваёй праўды ў судзе, ПКБ будзе ліквідавана.

Згодна з законам аб палітычных партыях, абавязковай умовай рэгістрацыі любой партыі зьяўляецца наяўнасьць у яе структураў у Менску і мінімум у трох абласьцях. Зараз Міністэрства юстыцыі можа зьвярнуцца ў Вярхоўны суд з патрабаваньнем аб ліквідацыі Партыі камуністаў Беларускай.

Камуністы зьбіраюцца накіраваць ліст міністру юстыцыі Віктару Галаванаву з патрабаваньнем адмяніць незаконнае рашэньне сваіх падначаленых. У выпадку адмовы ПКБ мае намер зьвярнуцца ў суд.

telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0