Паліткарэктнасць зноў у модзе. Год пасля таго, як у будынку Еўрапарламента, у Брусэлі, у гонар старшынёўства Чэхіі ўсталявалі скульптурна-графічную кампазіцыю Давіда Чэрнага, якая адным засабам здолела абразіць большасць краінаў Еўропы, сёлетняя скульптура — ужо ў гонар іспанскага старшынёўства, — узор вытрыманасці і нейтральнасці. Інсталяцыя іспанскага мастака Даніэла Канагара, якая мае назву Travesias («Скрыжаванні»), уяўляе сабой відэаэкран у форме пакручастай 30-метровай стужкі, на якім мільгацяць чалавечыя постаці і твары.

Летась усё было больш страката. Нагадаем: тады ў будынку еўрапарламента ўсталявалі мастацкую кампазіцыю, якую курыраваў чэшскі мастак Давід Чэрны. У стварэнні кампазіцыі ўзяла ўдзел 27 мастакоў з 27 краінаў: яны зрабілі інсталяцыі, карыкатуры, скульптуры пра тое, як іх краіны часта — і памылкова — уяўляюць замежнікі. Хоць мэта Чэрнага была высмеяць стэрэатыпы, але ж твор мастацтва выклікаў найперш абурэнне.

Напрыклад Польшча — якую часта малююць як самую кансерватыўную краіну ЕС — была «прадстаўленая» ў кампазіцыі карыкатурай, на якой ксяндзы і манашкі ўсталёўвалі вясёлкавы сцяг гей-руху. Балгарыя была выяўленая ў выглядзе вялікага ўнітаза (намёк на перавалачны пункт для суседняй Турцыі). А Брытанія дык зусім адсутнічала (брытанцы, маўляў, еўраінтэграцыі не радыя). І гэтак далей у той жа манеры: Чэрны прымудрыўся абразіць нават не-сябра Еўрасаюза, Рэспубліку Беларусь. На карыкатуры, якая ўвасабляла Літву, пяць адважных вайскоўцаў сікалі праз дзяржаўную мяжу на ўсход (то бок паводле ўсіх мапаў на тэрыторыю РБ).

Разгарэўся скандал. Хоць беларусы і літоўцы ў суд не падалі, а вось балгарскія прадстаўнікі ў Брусэлі выказалі публічнае абурэнне, і нават хацелі паскардзіцца ў міжнародны суд за ачэрненне нацыянальнага гонару.

Сёлета ж еўраўлады вырашылі не эксперыментаваць – праект інсталяцыі ўзгадняўся загадзя: як паведамляе навіновае агенцтва «Рэйтэр» прысутныя на адкрыцці мастацкай інсталяцыі еўрачыноўнікі нават пахвалілі мастака, адзначыўшы, што той сваёй скульптурай не справакаваў «ніякага дыпламатычнага скандалу», і назвалі яго відэастжку «цікавым творам».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру