Крымінальную тройцу затрымалі па гарачых слядах, цяпер ім пагражае ад 6 да 15 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

 Рабочы з фермы дэманструе, як яго паклалі ў снег пад пагрозай зброі. Фота БЕЛТА

Рабочы з фермы дэманструе, як яго паклалі ў снег пад пагрозай зброі. Фота БЕЛТА

Трое мужчын праніклі на ферму СВК «Рассвет-Мыта» ў вёсцы Навасёлкі Лідскага раёна каля 4 гадзін раніцы. Яны паспелі зарэзаць двух цялят і паранілі трэцяга, калі някліканых гасцей выявілі работнікі фермы. На патрабаванне здацца зламыснікі нечакана выхапілі стрэльбы і, пагражаючы забіць, паклалі вартаўніка і ахоўнікаў на снег. Потым злачынцы паспрабавалі загрузіць забітых цялят ў машыну, але самастойна зрабіць гэта не змаглі і прымусілі работнікаў фермы дапамагаць. У гэты момант іх напалохаў загадчык фермы, які праязджаў побач: кінуўшы цялят, яны ўцяклі на сваім аўтамабілі.

Супрацоўнікі РУУС пасля тэлефанавання з фермы адразу ж увялі ў дзеянне планы «Перахоп» і «Сірэна». Ужо ў 11.00 «Аўдзі» злачынцаў выявілі ў Лідзе, затрымалі дваіх з нападнікаў, а крыху пазней і трэцяга. Зламыснікамі апынуліся жыхары Ліды, адзін 1973 года нараджэння, двое – 1980-га. Адзін з іх раней ужо быў асуджаны за разбойны напад. Былі знойдзеныя таксама дзве паляўнічыя стрэльбы, пнеўматычны пісталет і патроны. Датычнасць зброі, наяўнасць дазволаў на іх захоўванне, а таксама дачыненне затрыманых да іншых злачынстваў правяраюцца.

Распачатая крымінальная справа, затрыманым пагражае ад 6 да 15 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0