Былы кіраўнік ватыканскай дыпламатыі кардынал Акіле Сільвестрыні выказаў упэўненасць, што загад забіць Яна Паўла ІІ ў 1981 г. паступіў з Усхода: з КДБ ці іншай нейкай савецкай арганізацыі, піша польскі Newsweek.

«Прынамсі, мы так мяркуем», — распавеў ён агенцтву Ansa за два дні перад выхадам з турмы ў Турцыі Алі Агджы, які здзейсніў той замах.

У панядзелак, 18 студзеня, скончыўся тэрмін зняволення Агджы за забойства турэцкага журналіста. Да 2000 года ён, з прысудам пажыццёвага зняволення за спробу забіць Папу, адбываў тэрмін у італьянскай турме. Затым быў памілаваны прэзідэнтам Карла Адзэліё Чампі і перададзены турэцкаму боку. З тых часоў ён адбываў пакаранне пад Анкарой.

Кардынал Сільвестрыні, адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Яна Паўла ІІ, зазначыў: «Было відавочна, што калі б тады Вайтыла аказаўся забітым, то разам са смерцю кардынала Стэфана Вышыньскага праблема Польшчы і яе імкнення да незалежнасці драматычна скончалася б».

Ён таксама падкрэсліў, што ў Ватыкане ніколі не думалі пра ісламскі след замаху, і гэта нягледзячы на тое, што ў 1979 годзе Алі Агджа публічна пагражаў смерцю Папу перад ягонай пілігрымкай у Турцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?