Але ў Лукашэнкі шанцы былі б яшчэ лепшымі, мяркуе ўкраінскі палітолаг Мікола Рабчук.
«Наша Ніва»: Для Вас вынікі выбараў сталі нечаканымі?

Мікола Рабчук: Не, усё прадказальна. Адзінай інтрыгай гэтых выбараў быў разрыў між Цімашэнкай і Януковічам. Януковіч апярэджвае суперніцу ўсяго на 10%. Разрыў невялікі, ён дае Цімашэнцы добрыя шанцы.

«НН»: Ці можна гаварыць пра тое, што Януковіч змяніўся ў параўнанні з выбарамі-2004?

МР: Так, ён стаў больш украінскім. Януковіч падвучыў украінскую мову. Але яго эканамічныя погляды наўрад ці змяніліся. А галоўнае, на ягоным баку — крызіс. Толькі што праз крызіс яму не трэба з’яўляцца на тэлебачанні, не трэба раздаваць інтэрв’ю. Крызіс робіць агітацыю за Януковіча.

«НН»: Ці мае Цімашэнка шанцы на перамогу?

МР: Калі яна заручыцца падтрымкай выбарцаў Цігіпкі і Яцанюка, яна мае добрыя шанцы. Цяпер я сказаў бы, што расклад 60 на 40 на карысць Януковіча.

«НН»: Чаму такі маленькі рэйтынг у дзейснага прэзідэнта?

МР: Палітыка Юшчанкі апошніх гадоў была абсалютна бяздарнай. Па шчырасці, я нават здзіўлены, што ён набраў 5% галасоў.

«НН»: Ідэалы Аранжавай рэвалюцыі ўжо неактуальныя?

МР: Калі мы слова «ідэал» будзем перакладаць моваю вынікаў выбараў, то яны памерлі, і памерлі дужа даўно.

«НН»: Наколькі на гэтых выбарах быў важны чыннік Расіі?

МР: Значна менш, чым на мінулых. У медыя-прасторы Расія практычна не афішавалася. У 2004 годзе рэйтынг Юшчанку быў такім высокім і таму, што Расія вяла вельмі актыўную антыўкраінскую прапаганду, тым самым толькі дражніла ўкраінцаў.

«НН»: Лукашэнка меў бы шанцы на перамогу ва Украіне?

МР: Думаю, так. Ён стварыў сабе рэпутацыю такога гаспадара, які навёў парадак у краіне. У Беларусі няма такога бардака, там ведаюць, хто за што адказвае. Словам, у яго імідж «мужыка». Плюс старэйшае пакаленне лічыць, што Лукашэнка дасягнуў высокіх сацыяльных стандартаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?