Распаўсюд нацысцкай сімволікі ў Беларусі будзе карацца штрафам да 200 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня складае Br35 тыс.) або адміністрацыйным арыштам.

Гэта прадугледжана законам «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці», які быў нядаўна прыняты ў Беларусі, аднак пакуль не ўступіў у сілу.

У прыватнасці, прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі фізічнымі асобамі будуць карацца штрафам да 10 базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам. Індывідуальным прадпрымальнікам за такое правапарушэнне давядзецца раскашэліцца на суму да 50 базавых велічынь, а юрыдычным асобам — да 200 базавых велічынь.

Пры гэтым пад нацысцкай сімволікай або атрыбутыкай маюцца на ўвазе сцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал‑сацыялістычнай рабочай партыі Германіі або іх копіі.

Разам з тым адміністрацыйным правапарушэннем не будзе лічыцца выраб, публічнае дэманстраванне і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі фізічнай асобай, індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай пры ажыццяўленні дзейнасці ў галіне тэатральнага, музычнага, цыркавога і выяўленчага мастацтва, бібліятэчнай справы, кінематаграфіі, музейнай справы, гастрольна‑канцэртнай дзейнасці, выдавецкай справы, адукацыйнай дзейнасці, сродкаў масавай інфармацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Акрамя таго, законам устанаўліваецца адміністрацыйная адказнасць

за «выраб і (або) распаўсюджванне, а таксама захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства».

За гэта правапарушэнне для фізічных асоб устанаўліваецца адказнасць у выглядзе штрафу ад 10 да 50 базавых або адміністрацыйнага арышту. Штраф для ІП складзе ад 50 да 100 базавых велічынь і для юрыдычных асоб — ад 100 да 500 базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?