Расійская праўладная прапаганда даўно непакоіць Захад. Гэтым разам англамоўны тэлеканал Russia Today (RT) даў значную нагоду для дыскусіі, якая разгарнулася ў замежных медыях і расійскіх блогах.

На мінулым тыдні папулярная брытанская газета The Independent выступіла з крытычным артыкулам «From Russia with news», дзе асуджаўся прапагандысцкі характар канала. Брытанскае грамадства занепакоена тым, што расійская прапаганда пранікла ў «іх дамы».

Выданне адзначыла, што ў апошнія тыдні тэлеканал Russia Today асабліва імкнецца прыцягнуць увагу наўмыснай правакацыйнасцю. Брытанцы, якія карыстаюцца грамадскім транспартам, апынуліся ў атачэнні вялізных рэкламных шчытоў, на якіх партрэт прэзідэнта Барака Абамы зліваецца з адлюстраваннем іранскага лідэра Махмуда Ахмадзінежада, а побач — правакацыйнае пытанне: «Ад каго сыходзіць большая ядзерная пагроза?»

Гэты плакат з’яўляецца часткай рэкламнай кампаніі тэлеканала, якую забаранілі ў амерыканскіх аэрапортах.

Яшчэ на адным плакаце салдат зліваецца з фігурай баевіка Талібана, а побач пытанне «Тэрарысты — адзіная крыніца тэрору?».

Інфармацыя пра тое, што найбуйнейшыя амерыканскія аэрапорты адмаўляюцца размяшчаць па сваёй тэрыторыі рэкламныя плакаты, якія яны палічылі непалікарэктнымі, з’явілася на самім сайте RT. Там паведамляецца, што накладзеныя адно на адно адлюстраванні «ўсяго толькі» сімвалізуюць супрацьлеглыя бакі канкрэтнага сюжэта. «Задаючы пытанні, мы падбіваем гледачоў шукаць новыя адказы,

бо збалансаванае меркаванне можна сфармаваць толькі з’яўляючыся больш поўна інфармаваным», —тлумачыць канал.

У сваім блогу галоўная рэдактарка RT 29-гадовая Маргарыта Сіманьян у адказ на дыскусію патлумачыла пазіцыю тэлеканала. Яна напісала, што плакаты былі замоўленыя і набытыя ў міжнароднай рэкламнай кампаніі McCann Ericsson, кліентамі якой з’яўляюцца такія сусветныя брэнды, як Coca Cola, Sony, Microsoft, L’Oreal, Johnson & Johnson, Exxon Mobilі шэраг іншых. Але тым не менш Сіманьян кажа пра тое, што на рэкламную кампанію не было выдаткавана шмат грошай.

«Трэба прызнаць, мы насамрэч трацім грошы падаткаплатнікаў. Як і на любы іншы аналагічны праект любой іншай краіны — ад ВВС да Аль‑Хуры. Не магу яшчэ не дадаць, што наш бюджэт у дзясяткі разоў меншы за бюджэт ВВС», — апелюе яна.

Паводле яе меркавання, прэзентацыя краіны на інфармацыйнай прасторы стратэгічна важная. «Можна ж гэтыя грошы патраціць на школы і бальніцы! Давайце паспрабуем. І паглядзім, што далей будзе адбывацца з намі і з нашай дзяржаўнасцю. У тым ліку, з нашымі школамі і бальніцамі», — заключае галоўная рэдактарка тэлеканала.

Варта адзначыць, што ў бок кіраўніцтва Расіі не аднойчы паступала крытыка за вялізнае выдаткоўванне грошай на дзяржаўную прапаганду. У блог‑дыскусію ўступілі самыя папулярныя блогеры ў рунэце Антон Носік і Арцемій Лебедзеў, катэгарычна не пагадзіўшыся з меркаваннем Сіманьян.

«Больш за ўсё ў прамове спн. Сіманьян мяне пацешыў той факт, што яна рэальна не ў курсе, з якіх сродкаў фінансуецца карпарацыя ВВС. Паводле яе меркавання, брытанцы такім жа чынам утрымліваюць сваё грамадскае тэлебачанне на грошы падаткаплатніка, як гэта было прынята ў СССР і да гэтага дня практыкуецца ў сувенірнай клептакратыі», — напісаў блогер.

Лебедзеў наогул назваў рэкламную кампанію RT «гэбэшным крэатывам». Ён таксама адзначыў,

што са сваёй ідэяй адлюстраваць супрацьлеглыя бакі канкрэтнага сюжэта, канал спазніўся гадоў на дваццаць і што ўвесь цывілізаваны свет знаходзіцца далёка наперадзе.

Тэлеканал Russia Today, які вяшчае на ангельскай, арабскай і іспанскай мовах, быў адкрыты ў 2005 годзе ў процівагу такім заходнім сусветным навінным службам, як CNN і ВВС,

каб прэзентаваць пункт гледжання ўладаў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна.

У апошнія гады бюджэт канала, які выдаткоўваецца з дзяржаўнага бюджэта, склаў каля 120 мільёнаў даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?