Напрыканцы мінулага тыдня настаўніца гісторыі сярэдняй школы з вёскі Талька Пухавіцкага раёна Наталля Ільініч у суправаджэнні начальніка раённага аддзела адукацыі была выклікана на размову да кіраўніка Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі Таісы Данілевіч.

 Таіса Данілевіч.

Таіса Данілевіч.

Прэтэнзій да маёй працоўнай дзейнасці ў кабінеце Данілевіч я не пачула, — расказвае Наталля Ільініч. — Але што там адбывалася!

Я такога ў сваім жыцці не бачыла: каб так крычалі на людзей! Нават не магу падабраць слоў, каб гэта перадаць.

У кабінеце начальніка ўпраўлення знаходзіліся таксама яе тры намеснікі і сакратар. Усё адбывалася ў такой абразлівай форме, што не верылася, што я знаходжуся ў дзяржаўнай установе.

Напрыклад, я размаўляла па‑беларуску, а спадарыня Данілевіч па‑руску, перакрыўляла маю мову.

Мне адкрыта было прапанавана напісаць заяву аб выхадзе з Партыі БНФ, папікнулі тым, што мы ладзім талькаўскі фестываль — свята фальклору, паэзіі і бардаўскай песні. Але ўжо два гады нам не дазваляюць яго праводзіць.

Данілевіч загадным тонам сказала мне напісаць заяву аб выхадзе з палітычнай партыі ці ў адваротным выпадку пакласці заяву аб звальненні са школы па ўласным жаданні.

Пры гэтым я павінна была зрабіць свой выбар да 18 студзеня гэтага года. Таксама Данілевіч абавязала начальніка Пухавіцкага РАА Шастакову прывезці ёй копію пратакола партыйнага сходу аб выключэнні мяне з партыі не пазней за 20 студзеня гэтага года.

— Вы — даўні сябра партыі? Чаму менавіта зараз узнікла такая сітуацыя?

— Падзеі разгортваліся наступным чынам. У кастрычніку ў нашай вёсцы аб’явілі, што будуць аб’ядноўваць Талькаўскі сельскі савет з Блужскім. Адбыўся сход, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Пухавіцкага райвыканкама. Амаль аднагалосна жыхары Талькі прагаласавалі супраць гэтага аб’яднання і напісалі зварот у абласны і раённы савет. Сярод падпісантаў была і я. Тэкст звароту мы паставілі на сайт. І амаль праз некалькі дзён з раённага аддзела адукацыі прагучала прапанова звольніць мяне з працы. Акрамя таго, кіраўнік аддзела турызму напрамілы бог прасіў звольніцца і з пасады кіраўніка краязнаўчага гуртка, казаў, што інакш яму не дадуць працаваць. З гуртка я сышла, а ў школе сітуацыя атрымалася цікавая. 28 студзеня заканчваецца мой працоўны кантракт. 12 студзеня дырэктар школы яго працягнула яшчэ на год, нягледзячы на тое, што ўжо прагучала «прапанова» мяне звольніць. А 15‑га адбылася гэтая ганебная гутарка з Данілевіч і зараз я не ведаю, што будзе далей.

— З партыі выходзіць вы не збіраецеся і заяву аб звальненні пісаць не будзеце?

— Пакуль я толькі напісала заяву на імя пракурора Мінскай вобласці з просьбай правесці пракурорскую праверку таго, што адбылося, і прыняць меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на абарону маіх законных правоў.

Са школы сыходзіць не збіраюся. Па‑першае, я вельмі люблю сваю працу. Таму пацвярджэнне — граматы, дыпломы, падзякі, якія я атрымлівала, у тым ліку і з боку абласнога ўпраўлення адукацыі. У маі гэтага года ў падначаленым спадарыні Данілевіч часопісе «Адукацыя Міншчыны» выйшаў мой артыкул пра сістэму краязнаўства ў школе, некалькі разоў мяне запрашалі ў Абласны інстытут развіцця адукацыі правесці для калег семінар па гэтай жа тэме, мае вучні не аднойчы перамагалі на рэспубліканскіх і абласных краязнаўчых конкурсах. У 2004 годзе выйшла мая кніжка «Талька і наваколле», я са сваімі вучнямі даследавала фактычна ўсе бакі жыцця мясцовых жыхароў. За ўсе 25 гадоў працы ў Талькаўскай сярэдняй школе я не мела ніякіх дысцыплінарных спагнанняў.

Па‑другое, я адна выхоўваю дачку‑студэнтку. І вы можаце зразумець, што для мяне азначае застацца беспрацоўнай.

Сітуацыя атрымалася непрыгожая, вельмі складаная для мяне ў маральным плане. Я разумею, што калі не сыду, будуць ціснуць на дырэктара, а яна пенсіённага ўзросту і звольніць яе вельмі проста, будуць дзяўбці школу рознымі праверкамі… Я — не герой, а звычайны чалавек, хачу застацца на працы, але і годнасць сваю таксама хачу захаваць. Для мяне гэта даражэй. І усё ж хачу верыць, што розум, здаровы сэнс перамогуць…

***

Званок у Мінаблвыканкам

«Такія каментарыі я даваць не магу»

Сапраўды, сітуацыя, пра якую распавяла Наталля Ільініч, з катэгорыі тых, пра якія кажуць: «Такога не можа быць». Няўжо ў нас час сапраўды можна звольніць з працы чалавека, прафесіяналізм якога не выклікае сумнення, толькі за тое, што ён з’яўляецца сябрам Партыі БНФ? Партыі, якая афіцыйна зарэгістравана на тэрыторыі Беларусі, адкрыта праводзіць сваю дзейнасць, ладзіць з’езды? Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі альбо грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» таксама дэ‑юрэ не дзяржаўныя структуры, але ж не звальняюць настаўнікаў з‑за членства ў гэтых структурах, наадварот, уступленне ў гэтыя арганізацыі толькі вітаецца.

Мы вырашылі адрасаваць гэтае пытанне начальніку Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таісе Данілевіч. Аднак у панядзелак яна адсутнічала на працоўным месцы, знаходзілася, як патлумачыла сакратарка, на выязным выканкаме. Па мабільным тэлефоне Таіса Іванаўна, спасылаючыся на занятасць, прапанавала патэлефанаваць свайму першаму намесніку Мікалаю Куляшу. Ён таксама прысутнічаў на пятнічнай размове з настаўнікамі. Аднак спадар Кулеш ад каментарыя адмовіўся.

— Вам трэба размаўляць з начальнікам. Такія каментарыі я даваць не магу, — заўважыў ён.

Паколькі чыноўнікі ад адукацыі Мінаблвыканкама паставілі Наталлю Ільініч у жорсткія рамкі: да серады 20 студзеня яна павінна прыняць рашэнне,

«Народная Воля» вырашыла надрукаваць гэты матэрыял, не атрымаўшы каментарый Таісы Данілевіч. Магчыма, газетная публікацыя дазволіць знайсці правільнае выйсце з дадзенай сітуацыі, не стварыць яшчэ адзін ганебны прэцэдэнт у сістэме беларускай адукацыі. Аднак пазіцыю Таісы Данілевіч мы гатовы выслухаць у любы момант і надрукаваць у газеце.

Рэакцыя

Партыя БНФ адразу адрэагавала на сітуацыю, якая склалася вакол шасці настаўнікаў Мінскай вобласці. На сайце партыі з’явілася заява, у якой сцвярджаецца:

«Мы ўглядаем у паводзінах Т.Данілевіч відавочнае і дэманстратыўнае парушэнне заканадаўства краіны. Мы бачым прыкметы парушэння:

— арт. 4, 5, 33 і 36 («Кожны мае права на свабоду аб’яднання») Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі;

— арт. 3 Закона «Аб палітычных партыях» («Прыналежнасць або непрыналежнасьць грамадзяніна не могуць служыць падставай для абмежавання ягоных правоў і свабод»);

— арт. 14 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусі («Дыскрымінацыя, г. зн. абмежаванне ў працоўных правах… у залежнасці ад… палітычных поглядаў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадскіх аб’яднаннях, … забараняецца»);

— арт. 45 Закона «Аб адукацыі» («Установа адукацыі нясе… адказнасць за: … парушэнне правоў і свабод… работнікаў установы адукацыі»);

— арт. 194 («Перашкода законнай дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў») і арт. 199 Крымінальнага кодэкса («Парушэнне заканадаўства аб працы»).

Акрамя таго, звесткі пра партыйную прыналежнасць не фіксуюцца ў працоўным справаводстве і адносяцца да прыватных, г.зн. Т.Данілевіч аперыравала незаконна сабранымі звесткамі.

У сувязі з выкладзеным

1. выказваем безумоўную салідарнасць з Наталляй Ільініч, Міколам Лешчуном, усімі настаўнікамі і дэкларуем усемагчымую падтрымку і дапамогу ў абароне іхніх законных правоў;

2. заклікаем іншых настаўнікаў да прафесійнай салідарнасці з калегамі. Гэта асабліва важна напярэдадні кампаніі мясцовых выбараў, калі ўлады збіраюцца зноў выкарыстаць настаўнікаў для запаўнення складу выбарчых камісій і паставіць іх перад выбарам, ці ўдзельнічаць у масавых фальсіфікацыях вынікаў галасавання;

3. лічым падзеі 15 студзеня ў Мінскім абласным упраўленні адукацыі праявай грубага ціску на сяброў дэмакратычных партый як магчымых удзельнікаў мясцовых выбараў. У сувязі з гэтым заяўляем аб заведамай недэмакратычнасці гэтай кампаніі і неадпаведнасці яе стандартам АБСЕ і інфармуем пра гэта кампетэнтныя міжнародныя структуры;

4. Партыя БНФ патрабуе неадкладнага звальнення Т.Данілевіч з пасады загадчыцы Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі за грубае парушэнне педагагічнай і кіраўніцкай этыкі, а таксама ініцыіруе зварот у органы пракуратуры з патрабаваннем расследавання фактаў дэманстратыўнага парушэння спадарыняй Данілевіч палажэнняў Канстытуцыі і шэрагу законаў Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?