Адбор прадстаўніка Беларусі на міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне‑2010» пройдзе ў закрытым фармаце.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 20 студзеня ў Мінску паведаміў намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка.

Паводле яго слоў, правілы дарослага »Еўрабачання» прадугледжваюць некалькі варыянтаў адбору ўдзельніка. Гэта можа быць конкурсны адбор, які раней праводзіўся ў фармаце праекта »ЕўраФэст», або вызначыць артыста можа Белтэлерадыёкампанія. Як паведаміў Мартыненка, пакуль вырашаецца пытанне, будзе выбіраць канкурсанта журы або спецыяльна сфарміраваная фокус‑група.

Прадстаўнік Беларусі на «Еўрабачанні» ў Осла будзе выбраны з ліку артыстаў, якія даслалі заяўку на конкурс.

Мартыненка падкрэсліў, што беларускі ўдзельнік «Еўрабачання» вызначыцца на працягу найбліжэйшага месяца. Ужо ў сакавіку Белтэлерадыёкампанія павінна падаць афіцыйную заяўку з фанаграмай, біяграфіяй артыста і іншымі дакументамі ў Еўрапейскі вяшчальны саюз.

Нагадаем, раней меркавалася, што сёлета арганізацыяй конкурсу ў Беларусі будзе займацца тэлеканал ОНТ. Аднак гэта магчыма толькі пасля прыняцця тэлеканала ў Еўрапейскі вяшчальны саюз. Гэтае пытанне саюзам можа быць разгледжана толькі летам. Міжнародны конкурс «Еўрабачанне‑2010» пройдзе ў Нарвегіі з 25 па 29 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?