Сёння зранку каля 100 актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі, які ачольвае Анжаліка Борыс, выехалі ў Івянец.

А 17 гадзіне тут у Польскім доме павінен распачацца сход па змене кіраўніцтва мясцовага аддзелу, ініцыяваны ўладамі. Аднак дабрацца да Івянца пакуль што здолелі толькі каля паловы дэлегатаў з Гродна.

Як паведаміў актывіст СПБ Андрэй Пачобут, супрацоўнікі ДАІ ўжо затрымалі 46 чалавек. У кіроўцаў папросту забіраюць правы і прымусова канваююць у Шчучынскі і Валожынскі аддзелы РАУС.

«На гэтую хвіліну затрымана 46 чалавек. Гэта людзі з Гродна, якія ехалі падтрымаць Івянецкі аддзел. 9 чалавек знаходзяцца ў Шчучыне, у Шчучынскім РАУС, астатнія — у Валожыне. ДАІ затрымлівала машыны, і, напрыклад, тыя машыны, якія затрыманыя ў ваколіцах Валожыну, — папросту забіралі ў кіроўцаў правы і патрабавалі, каб яны ехалі пад канвоем у Валожынскі РАУС. Нягледзячы на тое, што нас максімальна спрабавалі вылапаць,

ужо каля 30 чалавек ужо тут:

кіраўніцтва арганізацыі на чале з Анжалікай Борыс і намесніцай старшыні Анжалікай Арэхва — яны ўжо ў Івянцы».

Таксама сёння кіраўніцу Івянецкага аддзелу СПБ Тарэсу Собаль выклікалі на допыт у Валожынскі РАУС. Сустрэча са следчым прызначаная на 16 гадзіну. На думку Андрэя Пачобута, кіраўніцу мясцовага аддзелу СПБ выклікаюць, каб перашкодзіць ёй узяць удзел у сходзе арганізацыі. Перад гэтым адбылося паседжанне праўлення Саюзу палякаў, якое аднагалосна падтрымала Тарэсу Собаль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?