Юбілейнае, дзесятае, свята музыкі «Заслаўе‑2010» адбудзецца ў пятніцу, 22 студзеня, у гэтым старажытным і славутым горадзе.

Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга, які выступае арганізатарам свята.

«Заслаўе‑2010 — «Пад абаронай Рагнеды: 10 гадоў музычнага братэрства «‑ такую назву атрымаў канцэрт‑адкрыццё.

Свята, якое па традыцыі праводзіць Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пры падтрымцы Мінскага райвыканкама,

за 10 гадоў ператварылася ў значную асветніцкую акцыю ў старажытным цэнтры беларускай духоўнасці.

«За дзесяць гадоў — невялікі ў маштабах гісторыі час — нам удалося ажыццявіць у Заслаўі вялікія праекты, якія раскрылі хараство беларускага музычнага мастацтва, яго незвычайны шлях і адметную ролю ў еўрапейскім свеце, — гаворыць мастацкі кіраўнік свята народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва прафесар Міхаіл Фінберг.

— Лепшыя сыны зямлі беларускай — ад Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча, Восіпа Казлоўскага і Міхаіла Ельскага да Напалеона Орды і Мечыслава Карловіча

паўсталі ў сваіх творчых здзяйсненнях, якія зрабілі мастацкую спадчыну розных народаў багацейшай. Музыка гэтых і іншых майстроў, узоры нацыянальнай класікі XX‑XXI стагоддзяў, а таксама эстрадныя, джазавыя кампазіцыі, творы выяўленчага мастацтва дэманструюць спрадвечнае дачыненне беларускай культуры да агульнаславянскага, еўрапейскага свету, у якім Беларусі належыць пачэснае месца і высокая місія — аб’ядноўваць гэты свет і шчодра дзяліцца з ім сваімі талентамі і дасягненнямі. Наш аркестр лічыць вялікім гонарам прэзентаваць свае лепшыя праграмы на Заслаўскай зямлі і збіраць на мастацкіх праектах аматараў, знаўцаў беларускай культуры».

Чаму менавіта Заслаўе было выбрана цэнтрам такога значнага музычнага праекта? Гэта адзін з самых значных куткоў Беларусі, дзе з даўніх часоў закладаўся падмурак той высокай духоўнасці, якая да сённяшняга дня вызначае аблічча беларускай культуры.

А асноўная мэта Заслаўскіх сустрэч, як і ўсіх іншых фестываляў, якія арганізуюць камерныя калектывы аркестра Міхаіла Фінберга, — абнаўленне айчыннай музычнай спадчыны, якая цудам і намаганнямі даследчыкаў дайшла да нас. Яна захавалася, зразумела, далёка не ў поўнай меры, але і самыя маленькія фрагменты старых твораў, напісаныя літаральна па адным радку, як вялікую каштоўнасць імкнуцца сабраць у аркестры па крупінках і абнавіць у як мага больш даступным выглядзе і дакладным выкананні. Істотна, што ўсе навуковыя і музычныя акцыі свята накіраваны на выхаванне творчай моладзі, якая складае большую частку аўдыторыі канцэртаў. Дзесятае па ліку свята ў Заслаўі мае свае адметныя рысы.

Яно пачнецца конкурсам маладых выканаўцаў «Беларускі альбом».

Удзельнікі гэтага конкурсу — вучні дзіцячых музычных школ Мінскай вобласці. Канцэрт струннага квартэта заслужанага калектыву «Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі» ўпрыгожыць прэзентацыю кнігі «У сядзібе Рагнеды» доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Дадзіёмавай — нязменнага навуковага кіраўніка ўсіх асветніцкіх праектаў аркестра ў малых гарадах Беларусі.

Свята музыкі ў Заслаўі, як і іншыя фестывалі і святы адраджальнага напрамку, за дзесяць гадоў ператварылася ў свята мастацтваў. У яго праграме абавязкова прысутнічае мастацкая выстаўка твораў высокага густу, а ў гэтым годзе —

яшчэ і вялікі канцэрт «Лепшыя песні» з удзелам вядомых музыкантаў і салістаў аркестра Фінберга.

Застаецца толькі дадаць, што галоўны канцэрт X свята музыкі «Заслаўе‑2010» — «Пад абаронай Рагнеды: 10 гадоў музычнага братэрства» — гэта новая сустрэча з выдатнымі мастацкімі калектывамі аркестра: ансамблямі кларнетыстаў, флейтыстаў, салістаў на драўляных духавых інструментах, трубачоў «Інтрада», струнным квартэтам і камерным аркестрам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?