Раённыя ўлады забіраюць назад участкі, выдзеленыя людзям у пажыццёвае валоданне.

 Андрэй Сакольнікаў.

Андрэй Сакольнікаў.

Пра перадзел зямлі пісаў яшчэ Іван Мележ у сваіх «Людзях на балоце». Гісторыя паўтараецца. Толькі са зменай стагоддзя сталі іншымі дэкарацыі. У дадзеным выпадку замест Куранёў у палескіх балотах дзеянне адбываецца ў пасёлку Школьны Стаўбцоўскага раёна.

Яблыкам разладу ў Хатаўскім сельсавеце, што непадалёк ад Налібоцкай пушчы, стаў штучны вадаём, выкапаны яшчэ пры Польшчы. Пан, уладальнік гэтай зямлі, разводзіў у ім рыбу. Праз 80 гадоў тая ж ідэя прыйшла ў галаву раённаму кіраўніцтву.

Назваўшы тую ж справу аграэкатурызмам, можна сустракаць замежных турыстаў і збіраць падаткі.

Толькі вось навакольную зямлю ўжо раздалі ў пажыццёвае валоданне. Што рабіць? Забраць участкі!

Алкагольныя рэкі і бражныя берагі

Да 2004 года гэтая зямля належала Хатаўскому спіртзаводу — філіялу беларускай алкагольнай імперыі «Мінск‑Крышталь». Савецкі спосаб гаспадарання пакінуў адбітак на хатаўской зямлі — напрыклад, у пасёлку Школьны ёсць алкагольны вадаём. Сюды дзесяцігоддзямі злівалі брагу…

Участкі ў наваколлі Школьнага таксама былі ў занядбанні. Калі спіртзавод ад іх адмовіўся, Стаўбцоўскі райвыканкам з радасцю прыняў падарунак — зямлі было аж 45 га! — каб раздаць яго лю¬дзям. У рашэнні раённых уладаў аб перадачы зямлі ёсць важныя словы: «Перадаць землі ў склад зямель пасёлка Школьны». Звычайная, здавалася б, фраза, без якой людзі не змаглі б атрымаць участкі. Але менавіта праз яе неўзабаве разгарыцца судовая шура‑бура.

Згодна з тагачасным Зямельным кодэксам, ніякіх аўкцыёнаў па продажы ўчасткаў не праводзілася. Ахвотныя атрымаць зямлю мусілі проста напісаць заяву ў сельсавет з адпаведнай просьбай.

Даюць — бяры

Гэтак і зрабіў 29‑гадовы вайсковец Андрэй Сакольнікаў. Ён і двое ягоных сяброў вырашылі збудаваць дамы па суседстве і папрасілі тры ўчасткі побач.

«Лукашэнка ў той час казаў — бярыце зямлю, пакуль даюць, бо потым яе можа і не быць. Мы паслухаліся. Знаёмыя рыбакі якраз расказвалі, што тут, каля Хатавы, прыгожыя мясціны, дый рыбы хапае. Вось вырашылі каля ракі і ўладкавацца», — расказвае Андрэй.

Яму дастаўся ўчастак плошчай 0,25 га. Але будоўлю ўсё адкладаў. То адпраўлялі ў паўгадавую камандзіроўку ў іншую вобласць, то ў продажы не было патрэбных будматэрыялаў — якраз тады краіна сутыкнулася з дэфіцытам цэменту. Тым не менш, з дапамогай сваякоў новы гаспадар расчысціў тэрыторыю і заклаў падмурак.

Акт вымання

За гэты час раённая ўлада змянілася. Новая мятла стала месці па‑новаму, а былыя старшыня райвыканкама Радзюк і яго намеснік Камар, пры якіх участкі выдзяляліся, трапілі за краты.

У красавіку 2008 года камісія ў складзе старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама склала акт вымання маёмасці ў Сакольнікава і яго суседзяў. Праз месяц такое ж рашэнне прыняў сельвыканкам. Было прыпынена права Сакольнікава на валоданне зямлёй, права ўласнасці на зямлю і права арэнды.

Аблвыканкам, куды ўласнік звярнуўся са скаргай, назваў дзеянні падначаленых незаконнымі і загадаў адмяніць рашэнне.

Але адказам было бяздзеянне мясцовай улады.

Тады Сакольнікаў звярнуўся ў Стаўбцоўскі раённы суд — і выйграў справу. Суд пастанавіў вярнуць участак уласніку. Але гэта быў толькі пачатак доўгага перацягвання каната.

Пасля суда Сакольнікаў яшчэ раз звярнуўся ў сельсавет з просьбай перадаць яму яго 25 сотак у прыватную ўласнасць. Але атрымаў адмову. Яму растлумачылі, што гэту зямлю ўвогуле нельга аддаваць ва ўласнасць праз «парушэнні пры складанні рэгістрацыі». Таксама раптам выявілася, што тэрыторыя ўчастка выкарыстоўваецца тутэйшай школай як стадыён, праўда, недакументаваны. І ўвогуле патрэбны ўчастак не ўваходзіць у склад населенага пункта. Прытым, як адзначана вышэй, у ¬2004‑м выканаўчыя ўлады самі даручалі зрабіць яго часткай пасёлка.

Сакольнікаў звярнуўся ў той самы суд яшчэ раз, са скаргай на тое, што яго ранейшае рашэнне мясцовая ўлада ігнаруе. Але гэтым разам Феміда… схіліла вагі ў процілеглы бок. Цяпер дзеянні сельсавета, які забраў зямлю, былі названыя законнымі.

Падмурак на дарозе

Варта адзначыць, што яшчэ да часу першага суда з’явіўся іншы чалавек, таксама зацікаўлены ў зямлі. У снежні 2007 года сельсавет выдаў у карыстанне прадпрымальніку Святаславу Бураку, які ўжо арандаваў у ваколіцах два возеры, тую самую панскую сажалку. Тут і выявілася прыкрая недарэчнасць: праезд да вады толькі адзін, і праходзіць праз участак Сакольнікава. Калі ён атрымліваў свой участак, улады і падумаць не маглі, што пасля можна будзе здаць у арэнду і вадаём. Калі ж зразумелі — праезду перашкаджаў падмурак.

Тым не менш, пры спрыянні раённых уладаў Бурак атрымаў льготны крэдыт на развіццё бізнэсу — ён збіраўся займацца аграэкатурызмам. Грошы нельга было атрымаць без згоды спецыяльнай камісіі пры сельсавеце.

Інтарэсы бакоў сутыкнуліся ў простым значэнні слова, калі Бурак павёў бульдозер да свайго вадаёма проста па фундаменце суседняга дома.

Сакольнікаў заўважыў пашкоджанні не адразу, бо зімой наведваўся на ўчастак рэдка. Калі ж звярнуўся ў міліцыю, тая ўгледзела ў дзеяннях прадпрымальніка адміністрацыйнае парушэнне, але развяла рукамі — маўляў, тэрмін адказнасці сышоў.

Наступная сустрэча Сакольнікава з Бураком аказалася выпадковай — кожны зайшоў у суд па сваіх справах. «Выявілася, што прыставы спрабуюць выціснуць з Бурака праз суд аліменты. А выціскаць фактычна няма чаго, бо заробку ў яго няма. І пры гэтым ён здолеў — дзіва дзіўнае! — выплаціць крэдыт датэрмінова», — паціскае плячыма Андрэй Сакольнікаў.

Крэдыт насамрэч быў пагашаны амаль адразу. Як расказала сястра Святаслава Бурака, стаўкі аказаліся вельмі высокімі — дзеля гэтага прадпрымальніку прыйшлося прадаць уласны дом.

Сам бізнэсмен прэтэнзій да суседзяў не мае: «Калі ўлада дазволіць, хай будуюцца. Мне нават лепш, што нехта побач будзе жыць, а не бязлюддзе будзе. А дарогу можна і праз лес пракласці».

Суд за «дыпламаванага барана»

Сакольнікаў не думае здавацца. Ён перакананы, што зямля належыць яму па законе. З двух сяброў Андрэя, разам з якімі ён атрымліваў зямлю, адзін прыслухаўся да настойлівых просьбаў «зверху» і адмовіўся ад свайго ўчастка. Другі ж паспеў пабудаваць і дом, і лазню. Праўда, яму прыйшлося прайсці праз сустрэчу з «чырвоным пеўнем» — нехта падпаліў лазню, добра, што паспелі затушыць агонь.

Былі і іншыя эксцэсы. Мясцовыя ўлады адмаўляліся называць Сакольнікаву разліковы рахунак, каб той не змог пералічыць грошы за арэнду зямлі і атрымаў на сваю галаву яшчэ праблемы з падатковай інспекцыяй.

Андрэй Сакольнікаў, абураны юрыдычна непісьменнымі, на яго думку, дакументамі мясцовых уладаў, напісаў з’едлівую заяву на імя старшыні мінскага аблвыканкама Леаніда Крупца. Ён прапанаваў «для павышэння ўзроўню адукацыі і кваліфікацыі падначаленых арганізаваць курсы вывучэння байкі К.Крапівы «Дыпламаваны баран» з прыняццем у іх заліку». Пакрыўджанае кіраўніцтва стаўбцоўскага райвыканкама вырашыла адстойваць свае гонар і годнасць у судзе. У пазове чыноўнікі пералічвалі ўсе свае дыпломы і патрабавалі з крыўдзіцеля прабачэнняў і пісьмовага абвяржэння. Суд той меў адбыцца 19 студзеня, яго перанеслі.

…У «Людзях на балоце» перадзел сканчваецца самасудам Васіля і часовым захопам ім зямлі. Ці дойдзе да гэтага ў пасёлку Школьны? Пытанне застаецца адкрытым.

Улады ж хочуць пакуль увогуле не кранаць зямлю — пакуль яна знаходзіцца за межамі пасёлка, прэтэндаваць на яе ніхто не зможа.

Ягор Марціновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0