У Мінску прайшоў фэстываль «Можна» з удзелам дзевяці беларускіх гуртоў.

Арганізатары і ўдзельнікі «Можна» усю ноч з пятніцы на суботу меліся даказаць, што яны ды ўдзельнікі фэсту — па-за палітыкай, па-за правіламі і па-за нормамі маралі. На адну ноч пляцоўка клуба «Рэактар» у Мінску ператварылася ў астравок свабоды ад умоўнасцяў.

Крызіс, як ні дзіўна, прынёс сёлета ў музычную прастору Беларусі пазітыў і ўдачу. Фестываль беларускай альтэрнатыўнай музыкі «Можна», які два гады запар праводзіўся ў Маскве, сёлета прайшоў у мінскім клубе «Рэактар». Са слоў арганізатараў, з-за фінансавых праблем яны вымушаны былі перанесці фэст з расійскай пляцоўкі на беларускую.

Тыя, хто не знаёмы з альтэрнатыўным накірункам айчыннай музыкі, мог бы сказаць, што правядзенне такога фэсту ў Мінску куды лагічней. Але знаўцы ведаюць, што попыт на беларускую альтернатыўную музыку ў Расіі значна большы. Расійскі слухач больш падрыхтаваны для «іншай» музыкі.

Аляксандр Багданаў, чалавек, дзякуючы якому і адбылося гэтае мерапрыемства, у размове пацвердзіў, што расійская публіка «на ура» ўспрымае наш альтэрнатыў, тады як у Беларусі аматарамі гэтага накірунку застаецца досыць нешырокае кола. Але тым не менш квіткі на фэст у касах горада былі раскуплены за тыдзень, а месца ў самым вялікім клубе Мінска было малавата для ўсіх жадаючых.

Выступілі першымі і разагрэлі натоўп хлопцы з RockerJoker, якія акрэсліваюць сваю музыку як «алка-бугі». Песні яны выконвалі за імправізаваным сталом, які паставілі на сцэне, і перыядычна заклікалі народ далучыцца і выпіць разам з імі.
Гэты гурт можна вылучыць за найбольшую эпатажнасць і найбольшую колькасць нецэнзурных слоў у песнях.

Наступным выйшаў гурт «Нагуаль» (балотны этна-панк), які разварушыў публіку рытмічнымі песнямі. Ужо пазней у грымёрцы саліст гурту

Леанід Паўлёнак прызнаўся, што не бачыць вялікіх перспектыў для гурту ў Беларусі. «Публіка ёсць, але ўзнікаюць праблемы з прадусаваннем. Ніхто не жадае брацца за альтэрнатыўных музыкаў», —
адзначыў ён. Тым не менш, нягледзячы на такі песімізм у размовах, на сцэне Лёня распальваў народ па поўнай, дорачы неверагодны драйв. Выступы гуртоў суправаджаліся савецкімі мульцікамі, якія дэманстраваліся на экране над сцэнай. Гэта дадавала псіхадэлічнасці і абсалютна адрывала публіку ад рэальнасці.

Чаканы і любімы многімі гурт «Адыс Абеба» выйшаў наступным за «Нагуалем». Два папярэднія гурты добры падрыхтавалі пляцоўку, таму саліста Дзіму Іванова сустракалі «на ура», патрабуючы любімых кампазіцый. Гэты хлопец з дрэдамі і хрыплым голасам прымушаў абсалютна ўсіх рухацца ў такт ягоным рэгі-кампазіцыям і пераносіцца разам з ім ў далёкую Афрыку ці таемны Вавілон.

Пасля глыбінных песень «Адыс Абеба»

публіку чакаў абсалютны «вынас мозгу», таму што на сцэну выйшла «Касіяпея». Гэты гурт, як заўсёды, быў поўны сюрпрызаў. Саліст, адзеты ў жаночую белую сукенку і напалеонаўскую шляпу, назваў удзельнікаў гурту «глістамі з ХІХ стагоддзя».
Мабыць, менавіта такі вобраз музыкі выбралі на гэты вечар. «Мою любовь могилой не испортишь», «Если», «Чингачгук любви» — гэтыя песні даўно сталі любімымі для аматараў «іншай» музыкі. Зыходзячы з рэакцыі публікі на іх выступ, можна было зразумець, чаму гэтаму гурту прагназуюць вялізны поспех.

Нібыта лагічным працягам «Касіяпеі» стаў наступны выступ кабарэ-бэнд «Срэбнае вяселле», удзельнікі якога таксама адзначыліся эфектнымі касцюмамі і выдатнай сцэнічнай гульнёй. Салістка Святлана Бень, ці папросту «Бенька», то спявала французскі шансон, то даставала з чамадана плюшавых мядзведзяў.

Пасля выступу пяці рытмічных каманд, бліжэй да 3-й ночы было ўжо цяжкавата слухаць акустычны эмбіент гурту «ПартМанэ». І ўсё ж большасць музычных аматараў цвёрда стаяла на нагах. Тым больш, што слухаць беларускія гурты прыехалі госці з Расіі і Украіны. Нью-джаз ад «CherryVata» зноў ажывіў публіку рытмічнымі кампазіцыямі. Гэта яшчэ адны любімчыкі публікі, якім прадказваюць вялікі поспех за межамі краіны.

На канец фэсту арганізатары прыхавалі малады і перспектыўны гурт «Botanic Project». Гэтыя хлопцы заўсёды падкупаюць публіку сваімі простымі жыццёвымі тэкстамі ў рытмах рэгі і прорвай пазітыўнай энергіі.

Ноч, у якой «можна ўсё», скончылася, але пакінула дух свабоды. Што будзе ў наступным годзе, пакуль невядома. Хацелася б, каб фестываль беларускай актуальнай музыкі і надалей праводзіўся ў Беларусі, а не за яе межамі. Да таго ж, відавочна, спатрэбіцца нашмат большая пляцоўка — аматараў «іншай» музыкі становіцца ўсё болей.

Ад пачатку фэсту зала была поўнай. На сцэне RockerJoker.

Ад пачатку фэсту зала была поўнай. На сцэне RockerJoker.

Саліст «Нагуаля» падбадзёрваў публіку з дапамогай рупара.

Саліст «Нагуаля» падбадзёрваў публіку з дапамогай рупара.

Песні гурту «Адыс Абеба» нікога не пакінулі абыякавымі.

Песні гурту «Адыс Абеба» нікога не пакінулі абыякавымі.

Удзельнікі «Касіяпеі» ў чарговым вобразе.

Удзельнікі «Касіяпеі» ў чарговым вобразе.

Святлана Бень не хавае эмоцый.

Святлана Бень не хавае эмоцый.

Вольга Жарнасек, фота Таццяны Гаўрыльчык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0