Маршрутнае таксі «Маладзечна‑Мінск» перакулілася ў пятніцу, 22 студзеня, каля Заслаўя на скрыжаванні з дарогай на Калодзішчы. Траўмы атрымалі два пасажыры маршруткі.

Праверку па факце здарэння праводзіць упраўленне ўнутраных спраў Мінскай вобласці. Дазнавальнік абласной міліцыі Сяргей Бурдыка расказаў, што маршрутка сутыкнулася з аўтамабілем «Фольксваген‑Пасат». Пасля гэтага мікрааўтобус перакуліўся.

Па медыцынскую дапамогу звярнуліся два мужчыны, якія ехалі ў маршрутцы.

Яны атрымалі ўдары і рваныя раны. Па словах Сяргея Бурдыкі, казаць пра прычыны здарэння можна будзе толькі пасля праведзенай праверкі. Пакуль дазнавальнік не называе нават папярэднюю прычыну сутыкнення аўтамабіляў. Адзінае, што вядома — маршрутнае таксі маладзечанскае, не мінскае.

Начальнік аддзела перавозак маладзечанскага аўтапарка №4 Аляксандр Кавалёў заявіў, што аўтапарк да гэтага маршрутнага таксі ніякага дачынення не мае. У аўтапарку ўвогуле няма мікрааўтобусаў маркі «Мерсэдэс». Па словах Аляксандра Кавалёва, кіраваў маршруткай вадзіцель‑прыватнік, які возніцтвам займаецца нелегальна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?