Грамадства99

«Усе сродкі апраўданыя, калі хочам захаваць дом». Былы супрацоўнік калоніі ідзе ў палітыку

Іван Паўлоўскі — адзін з тых беларусаў, які выйшаў з непублічнага ценю для ўдзелу ў новых выбарах у Каардынацыйную раду. Ён лічыць, што як прафесійны прадавец здольны зрабіць любыя перамовы на карысць будучыні Беларусі больш эфектыўнымі. На выбары ён ідзе ў камандзе Аляксандра Азарава «Закон і правапарадак».

У свой час Іван Паўлоўскі працаваў начальнікам атрада магілёўскай папраўчай калоніі №15, а ў 2020-м пасля аднаго з маршаў быў збіты сілавікамі так, што не мог самастойна хадзіць: яго шпіталізавалі з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам хрыбетніка.

У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Іван распавёў, чаму нядоўга пратрымаўся на працы ў калоніі, які момант у жыцці прымусіў яго перастаць быць апалітычным і што канкрэтна ён хацеў бы змяніць у стратэгіі дэмсілаў.

Іван Паўлоўскі. Фота: «Наша Ніва»

«Апошняй кропляй для мяне стала пабачанае прымяненне фізічнай сілы да асуджаных»

Іван нарадзіўся ў Магілёве, скончыў факультэт фізвыхавання ў мясцовым універсітэце. Пасля атрымання дыплома ў яго было некалькі варыянтаў развіцця далейшага лёсу.

«Першы — пайсці працаваць у вёску, жыць у нейкай бабулі і выкладаць пяці школьнікам некалькі год. Другі — адправіцца служыць на паўтара года. І быў трэці варыянт з улікам таго, што на факультэце ў мяне была вайсковая кафедра — перакваліфікацыя ў Акадэміі МУС. Я абраў апошнюю опцыю, закрыўшы такім чынам пытанні з размеркаваннем і войскам. Але калі апынуўся ў гэтай сістэме, досыць хутка зразумеў, што з маім характарам там няма чаго рабіць», — згадвае Іван.

Мужчына пералічвае мінусы працы ў калоніі:

«Было шмат папяровай працы. А 22-й гадзіне сканчалася змена, але а 6-й ужо трэба быць на дзяжурстве. Таму я часта заставаўся ночыць проста ў калоніі на кушэтцы, каб запоўніць усе дакументы. У нейкі момант я не разумеў, хто там сапраўдны зняволены».

Маючы педагагічную адукацыю, мужчына імкнуўся заставацца педагогам і ў калоніі, але пабачыў, што там выхаванне нікому не патрэбнае.

«Усё гэта, мякка скажам, выконвалася фармальна. Апошняй кропляй для мяне стала пабачанае прымяненне фізічнай сілы да асуджаных. Мяне выклікалі прынесці нейкія дакументы на подпісы. Я зайшоў у кабінет — папрасілі чакаць збоку. Там быў асуджаны і некалькі супрацоўнікаў калоніі.

Аляксандр Карніенка, які тады працаваў у нас намеснікам рэжымнага аддзела, пачаў крычаць на зняволенага і нанёс яму некалькі ўдараў у грудзі — той прысеў. Я разумеў, што гэта ў тым ліку была паказальная акцыя для мяне як маладога супрацоўніка: каб я глядзеў і не пярэчыў. Мая псіхіка сапраўды пачала мяняцца, таму я вырашыў звальняцца, адпрацаваўшы менш за два гады».

У 2021 годзе Іван апазнаў Аляксандра Карніенку на відэа, якое ўлады апублікавалі пасля смерці актывіста Вітольда Ашуркі. На той момант Карніенка быў начальнікам шклоўскай калоніі №17, дзе памёр Вітольд.

Перыяд працы Івана ў сістэме МУС выпаў на 2009—2011 гады, якраз у гэты прамежак часу адбыліся падзеі Плошчы-2010. Але суразмоўца сцвярджае, што яго яны не закранулі.

«У маім атрадзе палітычных не было. Адзіны яркі ўспамін, які я пераасэнсаваў ужо праз час — як яшчэ ў акадэміі мы вучыліся працаваць шчытамі, разганяць натоўп, біць дубінкай. Гэта займала вялікую частку навучання. На маё пытанне, навошта нам гэта, мы ж будзем працаваць у закрытым памяшканні — мне патлумачылі, што патрэбна на выпадак бунтаў у самой калоніі. І тады мы ім верылі — маладыя хлопцы 22-24 гадоў, якія не разбіраліся ў палітыцы. Але калі я прыехаў на працу ў калонію, ніякіх шчытоў у мяне не было.

Па сваім прыкладзе я магу зразумець, што адбываецца з хлопцамі, якія цяпер вучацца і працуюць у МУС: прапаганда і ідэалогія сапраўды добра працуюць, якая б адукацыя ў цябе ні была».

«Галоўнае — мой побыт, кватэра і машына. Такія ў мяне былі прыярытэты»

Пасля звальнення з калоніі Іван вырашыў паспрабаваць сябе ў сферы продажаў, і досыць хутка з пасады гандлёвага прадстаўніка дарос да камерцыйнага дырэктара.

«Я добра зарабляў і думаў, што змагу выжыць у любой сістэме. Няважна — дыктатура ці дэмакратыя. Галоўнае — мой побыт, кватэра і машына. Такія ў мяне былі прыярытэты.

Але ў 2018 годзе нарадзілася дачка, і праз нейкі час я задумаўся: окей, я магу выжыць паўсюль, а што мае дзеці? Ці хачу я, каб яны жылі тут? З таго часу я актыўна стаў цікавіцца гісторыяй, пераглядзеў відэа з 2010 года, фільм «Хросны бацька». Яшчэ тады якраз пачаліся маршы недармаедаў… Карацей, я падумаў, што ўсё ж не хачу, каб мая дачка расла пры такой уладзе і вырашыў неяк дзейнічаць».

Побач з асноўным месцам працы Паўлоўскага функцыянаваў офіс «Гавары праўду» — яму спадабалася праграма партыі, і ён далучыўся да яе шэрагаў.

«Удзельнічаў у розных мерапрыемствах, дэбатах, канферэнцыях. Мне прапаноўвалі нават у дэпутаты ісці, але тады не захацеў. А перад выбарамі 2020-га ўвогуле сышоў адтуль: я моцна дэбатаваў з Дзмітрыевым, даводзіў, што ён павінен зняцца з выбараў, каб быць салідарным з іншымі, а ён не хацеў. Карацей, мне не спадабалася яго пазіцыя, дзе ўласныя амбіцыі важнейшыя.

А потым адзін знаёмы папрасіў дапамагчы са зборам подпісаў за Ціханоўскую, так я апасродкавана далучыўся да «Краіны для жыцця» — хоць нейкая альтэрнатыва. Агулам як чалавеку бізнэсу Віктар Бабарыка мне быў больш па душы, канечне».

«Мяне неслі ў бус, як Рому Бандарэнку, таму я ўяўляю, што адбывалася з ім там»

Пасля аднаго з маршаў Івана затрымалі і жорстка збілі — настолькі, што з Акрэсціна яго забралі ў бальніцу хуткай дапамогі, дыягнаставаўшы там чэрапна-мазгавую траўму з пераломам хрыбетніка. У такім стане яго паспелі асудзіць, хоць дэталі ён памятае цьмяна. Як і сваё знаходжанне ў РУУС, дзе яго аблівалі вадой, каб прывесці ў прытомнасць.

«У кастрычніку я яшчэ хадзіў на ўсе маршы прынцыпова — хаця ўжо і не бачыў у іх сэнсу. Заўсёды быў на чале калоны, відаць, гэтым звярнуў на сябе ўвагу.

Мяне адсачылі, як я ўжо пазней даведаўся па відэа, двое маладых людзей, ціхароў, з бел-чырвона-белымі сцягамі. Пасля марша я зайшоў у краму па марожанае і ваду, ужо вяртаўся да машыны, як мяне затрымалі.

Я апынуўся ў бусе адзін, так што ў сілавікоў не было ніякіх стрымальных фактараў. Пах зямлі з-пад крэсла застаўся са мной на ўсё жыццё. Я памятаю, як праз некалькі тыдняў глядзеў відэа з Ромам Бандарэнкам — як яго забіралі з плошчы Перамен і як неслі ў бус. Мяне неслі прыблізна гэтаксама, таму я ўяўляю, што адбывалася з ім у бусе».

«З сярэдзіны лютага мяне пачалі цягаць у Следчы камітэт на «размовы», запаўненне анкет а-ля «супраць Лукашэнкі ці за». Адзін са следчых у выніку па-чалавечы патлумачыў мне за закрытымі дзвярыма, што жорны працуюць і што да мяне аднойчы дойдзе чарга.

Апошні раз я прыйшоў у СК наконт заявы па факце нанясення мне пабояў. Следчая Кацярына Азарка — я яе добра запомніў — пачала крычаць на мяне: «Маўляў, якія заявы, ты што, хочаш сесці?» Калі яна выйшла з кабінета, я трохі пачакаў і раптам задумаўся: «А чаго я тут сяджу?» Выйшаў у калідор — там нікога. Так і пайшоў дадому. Ужо ўвечары мы з сям’ёй ехалі ў бок Брэста».

На мяжы Паўлоўскіх трымалі 12 гадзін, ператрэслі ўсю машыну. Іван быў упэўнены, што час зацягваюць, чакаючы міліцыю, якая забярэ яго на неадбытыя да канца 15 сутак, але ў выніку мытнікі ўсіх прапусцілі.

«Мог сесці ў турму як перавозчык нелегалаў»

Сёння Іван жыве ва Уроцлаве, падпрацоўвае ў таксі і паралельна здае машыны ў арэнду для іншых кіроўцаў. Нядаўна скончыў курсы на футбольнага трэнера, так што па вечарах яшчэ трэніруе дзяцей.

«Уладкаванне ў эміграцыі займае шмат часу. Але я не магу не думаць пра Беларусь. У чалавека, які прайшоў праз такі бус з катаваннямі, для гэтага асаблівыя прычыны. Той бус змяніў мяне як асобу», — тлумачыць сваю матывацыю ўдзельнічаць у выбарах суразмоўца.

Ён далучыўся да каманды Аляксандра Азарава, бо яны ўжо былі знаёмыя, прычым звялі іх досыць экстрэмальныя абставіны.

«Я дапамагаў эвакуявацца з Беларусі блогеру Максіму Шабуцкаму, заўсёды быў з ім у кантакце. Арганізаваць незаконнае перасячэнне мяжы з тэрыторыі Польшчы досыць складана. Нас затрымала польская паліцыя, амаль на суткі я трапіў у ізалятар, прайшоў праз допыты. Мог сесці ў турму як перавозчык нелегалаў. Але добра спрацавала беластоцкая дыяспара і якраз Азараў, які падключыўся да справы.

У выніку нас з Максімам адпусцілі. Усё ж сітуацыя: беларус пад міжнароднай аховай у польскай турме, які ратаваў іншага беларуса — думаю, ім такой патэнцыйна рэзананснай справы не хацелася».

«Наша Ніва»: Ці не збянтэжыў вас скандал у асяроддзі экс-сілавікоў, які прывёў да расколу арганізацыі на «Байпол» і «Белпол»?

Іван Паўлоўскі: Да ўсіх актыўных беларусаў у мяне авансам крэдыт даверу. Я ведаю людзей з абедзвюх арганізацый, але не ведаю ўнутранай кухні. У Аляксандра Азарава ёсць свае плюсы і мінусы, як ва ўсіх нас. Але яго настроенасць супрацьдзейнічаць рэжыму Лукашэнкі і, самае галоўнае, практычна на яго ўздзейнічаць (не проста размовы, а дзеянні — і рэйкавая вайна, і тая акцыя ў Мачулішчах), яго рашучасць не словам, а справай кусаць рэжым Лукашэнкі мяне падкупляе.

Азараў для мяне — адзін з тых лідараў, які настроены дзейнічаць канкрэтна па рэжыме Лукашэнкі. Таму я далучыўся да яго каманды.

«НН»: Калі вы збіраецеся далей уздзейнічаць на рэжым практычна — значыць, у тым ліку рукамі беларусаў унутры краіны. Але гэта прывядзе да таго, што людзі зноў будуць цярпець. Ці апраўданыя тут такія ахвяры?

ІП: Кожны чалавек сам робіць выбар. Пад руляй пісталета ніхто не выконвае ніякія заданні. Гэта покліч сэрца асобных людзей, якія асэнсоўваюць рызыкі. У выпадку няўдачы яны цярпяць ад рэжыму Лукашэнкі, а не ад нас. І так, на мой погляд, сёння такія сродкі апраўдваюць мэту. Падзеі, якія адбываюцца апошнія тры гады — вайна, катаванні, — паказваюць, што нашай нацыі можа не быць.

Гісторыя сцірала з твару зямлі цэлыя цывілізацыі, і калі мы не будзем клапаціцца пра нашу нацыю, Беларусі таксама можа не стаць. Калі мы хочам захаваць свой дом, радзіму, усе сродкі апраўданыя. Я асабіста вельмі хачу мець магчымасць прыязджаць на Радаўніцу да сваіх дзядоў і прадзедаў. Гэта мой прыярытэт.

«НН»: Адзін з пунктаў вашай праграмы дзеянняў — «распрацоўка канцэпцыі рэфармавання праваахоўных органаў». Як чалавек, што працаваў у калоніі, якой вы бачыце рэформу менавіта праваахоўнай сістэмы?

ІП: Ні для каго не сакрэт, што Беларусь — лідар па колькасці сілавікоў на душу насельніцтва. Трэба скарачаць іх колькасць, за кошт гэтага падняць аплату працы, але пакінуць прафесіяналаў сваёй справы, якія шчыра ёй апантаныя. Абавязкова прыбраць палачную сістэму як тое, што вызначае эфектыўнасць працы. Ліквідаваць унутраныя войскі, чорным па белым забараніць удзел у палітычным жыцці краіны — у разгонах мітынгаў і гэтак далей. А ахова прэзідэнта не павінна падначальвацца толькі прэзідэнту.

Што яшчэ я разумею на сёння, дык гэта тое, што мы як краіна павінны вынайсці свой шлях працы з тымі, хто спатыкнуўся.

Людзі мусяць панесці нейкую адказнасць, але пры гэтым у новай Беларусі яны павінны быць прынятыя і атрымаць павагу зноў. Нават яшчэ больш — за тое, што яны пакаяліся. Для іх варта будзе стварыць усе сацыяльныя ўмовы для інтэграцыі, каб яны не былі вымушаныя бегчы з краіны, як мы. У тым ліку я маю на ўвазе сілавікоў. Паверце, як чалавеку, што прайшоў праз бус, такая выснова далася мне нялёгка.

«Калі б мы дзейнічалі па-іншаму, мы б сёння жылі ў свабоднай краіне»

Паўлоўскі ідзе на выбары ў тым ліку кіруючыся правілам: «не падабаецца, як робяць іншыя — зрабі сам». Што канкрэтна ён мае на ўвазе?

«Я, можа, занадта амбіцыйны, але, калі б мы дзейнічалі па-іншаму, мы б сёння жылі ў свабоднай краіне. Што канкрэтна робіцца не так? Прывяду пару тэзісных прыкладаў. На мой погляд, дэмакратычныя сілы працуюць з еўрапейскімі партнёрамі з выпрашальнай і спачувальнай пазіцыі. Як прафесійны перамоўшчык магу сказаць, што перамовы з пазіцыі «проста прасіць» заўсёды сканчаюцца няўдачай. У вас павінен быць пул аргументаў, чаму з вамі мае сэнс мець справу. Святлана Ціханоўская спрабуе тушыць тое, што ўжо адбылося — тая ж дапамога палітзняволеным — гэта ўжо праца са следствам, а не прычынамі. На мой погляд, Святлана Георгіеўна не выкарыстоўвае дадзены ёй беларусамі мандат напоўніцу, яна больш сфакусаваная на міжнародным парадку дня і партнёрах, а не на праблемах беларусаў.

Калісьці я стаў сведкам, як у Ціханоўскай спыталі: калі мы вернемся ў Беларусь? Яна адказала: калі захочуць усе беларусы. Я вярнуўся дадому і да трох ночы не спаў, думаў над гэтым адказам: вось Лукашэнка — таксама беларус, і ён павінен гэтага захацець? А праблема ў тым, што гэта не мэта, а мара. Па адной прычыне: мэты ставяць па формуле SMART, дзе апошняя літара азначае «тайм» — час.

Мэты павінныя быць абмежаваныя ў часе. Умоўна: у 2025 годзе мы павінны быць дома. А далей — праца на гэтую мэту. Ні ад аднаго палітыка я не чуў акрэслены час для задач. Мне падаецца, я змагу тут зрабіць свой унёсак у гэтую справу».

Каментары9

  • Gorliwy Litwin
    21.05.2024
    Мянты і чэкісты ў кожным разе застануцца пры ўладзе, як Бела-Рускія Самураі, і ніхто не будзе пакараны за гвалт і беззаконне, і кампенсацыі ніхто не атрымае. Так дыктуе калектыўная этыка Шчырага Сялянскага Этнасу, этыка шчырых хтанічна-архаічных Маці. Іншымі словамі, Адраджэньне https://nashaniva.com/343103
  • гердзень
    21.05.2024
    добрыя словы, шмат у чым згодны
  • кедр
    25.05.2024
    Чудесные слова! Просто песня! Цель оправдывает средства! Николо Макавели? "Государь"? :)) Верным, верным путём идёте, товарищи! И эти, товарки тоже! :))

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Палітвязень Дзяніс Івашын прыслаў бацькам парады, як перажыць спёку: Ніякіх выхадаў у цяпліцу

50 дзецям адмовілі. У беларускамоўнай гімназіі Вільні замала месцаў, бацькі просяць набіраць больш класаў11

Ілан Маск заявіў, што згубіў сына з-за блакатараў палавога выспявання24

У Францішка Скарыны ў Празе скралі пяро — гэта здарылася не ўпершыню3

Замежнікі пішуць у сацсетках, што збіраюцца ў Беларусь па бязвізе. А іх упрошваюць перадумаць11

Паўла Латушку выклікалі ў польскую пракуратуру2

Расійскі вайсковец, якога нібыта сёння ўзарвалі ў Маскве: Я жывы, сяджу на працы

Спевака — пастаяннага ўдзельніка афіцыйных канцэртаў — будуць судзіць за пратэсты1

Сярэдні заробак у чэрвені вырас на 50 рублёў, але наколькі ён адлюстроўвае рэальную сітуацыю?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →