Прамова першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына ў Рыжскім замку 22 жніўня пры атрыманьні Ордэна Трох Зорак. Уручаючы вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрге падзякавала Ельцыну «за рашучыя дзеяньні падчас путчу, якія дазволілі Латвіі аднавіць сваю незалежнасьць».

Спадарыні і спадарыні!

Шаноўныя сябры!

Сапраўды, усё пачалося з канца 1980-х, калі ўсе сталі разумець, што імпэрый ў сьвеце больш не існуе, апроч адной – Савецкага Саюзу, і што гэтай імпэрыі быць не павінна. Мы аб’ядналіся з дэмакратычна настроенымі дэпутацкімі групамі Расеі, Прыбалтыкі і, канечне, Латвіі, ды сталі ў адкрытую апазыцыю да Гарбачова. Таму што Латвія ды іншыя рэспублікі сталі ставіць пытаньне пра сваю незалежнасьць. І першым, хто іх падтрымаў на трыбуне, быў я. Гэта, канечне, было нечаканасьцю для Гарбачова. Мы стварылі міжрэгіянальную дэпутацкую групу, якая пастаянна абмяркоўвала гэтыя пытаньні на Вярхоўным Савеце СССР.

Далей. Калі ў вас на вуліцу выйшаў народ, Гарбачоў зрабіў вялікае глупства: ён узяў і вывеў войскі і АМОНаўцаў супраць мірнага насельніцтва з мэтай захопу цывільных аб’ектаў [маюцца на ўвазе падзеі студзеня 1991 г. – «НН»]. Гэта было трэба, каб не дапусьціць працэсу ўсталяваньня незалежнасьці ў балтыйскіх рэспубліках. Я яму патэлефанаваў з машыны і сказаў: «Гэта ваша найгрубая памылка. Калі вы неадкладна не паабяцаеце адвесьці войскі і АМОНаўцаў у кашары, я вылечу самалётам у Прыбалтыку, стану перад гэтымі войскамі, і хай яны паспрабуюць страляць у свайго Прэзыдэнта!». Праз паўтары гадзіны я ўжо быў тут. А за паўгадзіны да гэтага Гарбачоў адвёў войскі. Гэта быў кульмінацыйны момант. Ён быў падобны да путчу 21 жніўня, бо, калі б тут дэмакратычныя сілы прайгралі, мы б зноў скаціліся ў савецкае балота.

Тады пачаўся цывілізаваны працэс афармленьня незалежнасьці рэспублік. Адной за другой. І прыклад падалі менавіта прыбалтыйскія рэспублікі. Але яны ўсё яшчэ чапляліся. КДБ засталося. Сістэма ўся засталася. І яны вырашылі арганізаваць путч, увесьці надзвычайнае становішча па ўсёй краіне, адкінуць зноў усю краіну ў таталітарызм, увесьці войскі, танкі ў Маскву. Вы ўсё гэта ведаеце. Спадарыня Прэзыдэнт тут вельмі прыгожа пра ўсё гэта распавяла.

У нас са спадарыняй Прэзыдэнтам цяпер адбылася працяглая і вельмі цікавая размова. І пасьля гэтай сустрэчы я больш аптымістычна гляджу на паляпшэньне нашых двухбаковых стасункаў. Мы вырашылі ня менш за дзясятак пытаньняў, засталося два-тры. І прэзыдэнт мне сказала, што мы вырашым гэтыя пытаньні. Гэта ўсім вядомыя пытаньні: пра нашых суайчыньнікаў, памежнае пытаньне, ды, напэўна, усё. Толькі два пытаньні. І абодва пытаньні не патрабуюць матэрыяльных затрат. Затое яны чапляюць душу расейцаў, іх сэрцы, а таксама адчыняюць для Латвіі расейскі рынак.

Мне сп-ня Прэзыдэнт сказала, што Латвія мяняецца, і ўсё ідзе да гэтага. Але Расея таксама мяняецца. У яе таксама засталіся гэтыя савецкія гнілыя карэньчыкі, якія паступова адгніваюць. Застаецца разумная думка і цьвярозы погляд на нашую будучыню, будучыню новага пакаленьня, будучыню нашых двухбаковых стасункаў.

Я, безумоўна, бязьмежна рады за такую пачэсную ўзнагароду Латвійскай Рэспублікі. Для мяне гэта вялікі гонар. Вы мяне прабачце за тыя недарэчнасьці, празь якія я не прыехаў у мінулы раз. Тады ўзьнікла праблема, якая ішла дыпляматычным шляхам. Гэта мы ў мінулым годзе з Прэзыдэнтам у Крамлі на 60-годзьдзі Перамогі адрэгулявалі. Я адразу сказаў, што прылячу. І я тут.

Я згодны са словамі сп-ні Прэзыдэнта пра тое, што ў нас не хапае палітычных кантактаў. Дый ня толькі палітычных – гаспадарчых, культурных, навуковых. Што ў маіх пэнсійных сілах, я зраблю. Посьпехаў Латвіі! Самых добрых зьменаў і няхай гэты язьмены дапамогуць паляпшэньню нашага супрацоўніцтва. Мы зробім крок наперад!

Дзякуй і нізкі вам паклон!

novonews.lv

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0