Аляксандар Мілінкевіч парушыў традыцыю «сядзець дома» ў выходныя. Радыкальнае скарачэньне часу падрыхтоўкі да выбараў не дае магчымасьці рабіць паўзы. Усе хібы й выгоды ўік-эндаўскіх ваяжоў паказаў нядзельны выезд у сэрца беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст. — Маладэчна й Вялейку.

Для нацыянальнага кандыдата было важна даведацца пра настроі ў рэгіёне, які даў беларусам Янку Купалу, прэзыдэнта БНР Міколу Абрамчыка і, дарэчы, легендарнага рэдактара «НН» Аляксандра Ўласава. Паколькі прадпрыемствы й навучальныя ўстановы не працавалі, мэтавай тэрыторыяй былі рынкі.

Пасьпяховасьць паездак толькі ў другую чаргу залежыць ад здольнасьцяў госьця. Галоўнае — падрыхтоўка на месцы. Сумневы, што справа выгарыць, зьявіліся, калі быў прызначаны надта раньні час старту зь Менску. У Маладэчне былі ўжо а 10-й. На харчовы рынак цягнуліся пераважна сталыя людзі са стомленымі тварамі. Пікет па зборы подпісаў за Мілінкевіча стаяў насупраць галоўнага ўваходу, але па іншы бок дарогі і за сьпінамі незарганізаваных гандляроў амаль зьліваўся зь мясцовасьцю. Нешматлікія мінакі збольшага не зьвярталі ўвагі альбо азіраліся ды перашэптваліся. Не сказаць, каб Мілінкевіч гутарыў толькі з арганізатарамі, але і пра масавае зацікаўленьне ягонай асобай сьцьвярджаць не выпадала.

Крыху жывей было, калі пайшлі па рынку. Гандляры на кантакт ішлі ахвотна і праблемаў не хавалі. Заробкі нізкія, падаткі высокія, нарматыўная база мяняецца штомесяц. Выслухаўшы аднаго прадпрымальніка, Мілінкевіч ішоў да іншага, а за ім на некаторай адлегласьці шкандыбалі спэцслужбоўцы. З новага году ў іх новая тактыка: не замінаць, каб не рэклямаваць, але па-ранейшаму ўсё адсочваць, «напрацоўваць базу» дзеля далейшых высноваў. Адзін назірае, іншы высьвятляе, пра што пытаўся прэтэндэнт — падзел працы.

На выхадзе Мілінкевіч набыў у баявой гандляркі дзьве рыбіны-чырвонапёркі.

Паехалі на рэчавы рынак. Месца пікету здавалася ідэальным: за тры мэтры — уваход, за два — абменны пункт. Аднак ў вачох пакупцоў пытаньне: хто гэта? Троху людзей назьбіралася, але выснова была несуцяшальная. Пасьля сыходу Генадзя Карпенкі ў Маладэчне сканаў ня толькі футбол, але і грамадзкае жыцьцё, разварушыць якое сілаў не хапае.

Апрацаваўшы рынкі, Мілінкевіч усклаў кветкі да помнікаў Міхалу Агінскаму, Міколу Ермаловічу і «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі». «Вось што ў нас заўсёды бездакорна, дык гэта ўскладаньне кветак», — заўважыў нехта.

На шляху да Вялейкі абмяркоўвалі ўбачанае. Пра эфэктыўнасьць не было і гаворкі, але карыснасьць досьведу такіх паездак сумневу не падлягала. Пагатоў менавіта ў Маладэчне ад прадстаўніка каманды Аляксандра Казуліна прагучала прапанова пасьля здачы подпісаў сесьці за стол перамоваў. Намесьнік старшыні БСДП(Г) Аляксей Кароль таксама адсочваў візыт Мілінкевіча ў свой горад. Зь іншага боку, падчас працы ў тых ці іншых партыйных структурах Кароль часьцяком быў «асобнай думкай»…

У Вялейцы — зноў рынак, зноў пікет па зборы подпісаў. Ад Маладэчна — адно невялічкае, але вырашальнае адрозьненьне: аб’ява, што а 13.00 будзе адзіны, які адкажа на ўсе пытаньні. Хутка вакол Мілінкевіча сабралося амаль 80 чалавек. Размова доўжылася больш за паўгадзіны. Аб самых высокіх цэнах на харч у рэгіёне, аб заняпадзе некалі вядомага на ўвесь Саюз «Зэніту», аб спойваньні моладзі, беспрацоўі, ад’езьдзе на чужыну па заробкі, аб адсутнасьці пэрспэктываў. Адным словам, аб эканоміцы абсурду, якая афіцыйна завецца цудам.

Мілінкевіч чарговы раз пераканаўся, што акцэнт трэба рабіць ня толькі на адсутнасьці свабоды й альтэрнатывы, але і на правалах у эканоміцы, якія добра відаць за межамі МКАД. Каманда адзінага на пачатку палітычнай кампаніі здавалася закладніцай пабудаваных уладай мітаў: цяжка, маўляў, штосьці супрацьпаставіць Лукашэнку ў эканоміцы, дабрабыт нібыта расьце. «У чыноўнікаў заробкі па тысячы даляраў, у нас — 170 тыс., толькі рублёў, а ў сярэднім і атрымліваецца $250, — заўважыла адна вялейская кабета, што прыйшла на сустрэчу. Анэкдот адзінага пра тое, як адзін беларус хацеў пажыць хаця б дзень у той Беларусі, што паказваюць па тэлебачаньні, быў сустрэты на рынку гучным рогатам.

Размовы з дэмакратычным актывам абодвух гарадоў паказалі, што ў Мілінкевіча застаецца яшчэ адзін сур’ёзны праціўнік — расчараваньне. Нават сваім давялося пацьвярджаць, што пасьля выбараў у выпадку няўдачы ён не саскоча.

«Даю слова: я не зьбягу ніколі, нават калі будзе пагражаць турма», —Мілінкевічу прыйшлося паўтарыць гэтае абяцаньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?